Наста Лойка: Мы зноў увайшлі ў стадыю жорсткіх мераў да іншадумцаў

Разгонамі пратэстаў, жорсткімі затрыманнямі і прысудамі беларускія ўлады груба парушаюць правы чалавека і ўзятыя на сябе абавязацельствы.

pakujuc_4_logo_1.jpg

З другой паловы лютага па ўсёй Беларусі пракацілася хваля сацыяльных пратэстаў, звязаных з увядзеннем дэкрэта прэзідэнта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Спачатку на пратэстоўцаў, якія патрабавалі адмену дэкрэта ў Мінску і рэгіёнах, праваахоўнікі не звярталі ўвагі, але ў сакавіку сітуацыя змянілася: пачаліся затрыманні, часам досыць брутальныя, многія з іх заканчваліся жорсткімі прысудамі.

Кульмінацыя драматычных падзей наступіла 25 сакавіка, калі беларусы выйшлі святкаваць Дзень Волі, і ў выніку каля 700 чалавек былі затрыманыя.

Салідарныя з імі грамадзяне на наступны дзень выйшлі на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску, і многія з іх пасля гэтага таксама апынуліся ў пастарунках. Учора ж па ўсёй Беларусі працаваў сапраўдны судовы канвеер: затрыманым у выхадныя спраўна выпісвалі штрафы і суткі арышту.

Пра вынікі гэтых пасяджэнняў Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” пагутарыла з юрысткай Праваабарончага цэнтру “Вясна” Настай Лойкай.

— Праваабаронцы назіралі за ўчорашнімі судовымі працэсамі. Колькі людзей асудзілі агулам?

— За судовымі працэсамі ўчора назіралі актывісты грамадскага кантролю. Для гэтага не трэба ніякіх пасведчанняў, любы можа прыйсці ў суд. Учора сярод назіральнікаў былі нашыя калегі  і валанцёры з “Вясны”, “Беларускага дакументацыйнага цэнтру”, “Ідэнтычнасці”, студэнцкія актывісты, але і шмат неабыякавых людзей, якія проста адгукнуліся на мой пост у Фэйсбуку з заклікам прыйсці ў суды.У нас ёсць інфармацыя пра 138 чалавек, якіх судзілі, і вынікі па 83 судовых працэсах.

 Што можна сказаць пра такія розныя прысуды — ад 4 базавых да 80, ад 4 сутак да 25? Чаму такая розніца, ці ёсць тут нейкая логіка?

 — Відавочна, у судоў была гнуткая ўстаноўка — даваць да паловы штрафаў і арыштаў. А памеры ўжо вызначалі самі. Логіка вельмі суб’ектыўная: замежным грамадзянам давалі, часам, больш, чым беларусам — ніхто не атрымаў штраф, толькі суткі.

— Ці можна параўнаць цяперашнюю сітуацыю з падзеямі снежня 2010 года? Што агульнага і што рознага паміж імі?

— У 2010 годзе была хаця б мінімальна зразумелая логіка для разгону: сапраўды было шмат людзей і пабітае шкло. Цяпер жа не было нават пяці тысяч удзельнікаў і мінімальнай нагоды для разгону не назіралася. Але па колькасці затрыманых пры гэтым мы наблізіліся, толькі што з 700 затрыманых большасць была вызваленая, каля 130 засталіся да суда пад вартай. Але і тады, і цяпер было непрапарцыянальнае ўжыванне фізічнай сілы, адвольныя затрыманні, выпадкова затрыманыя, зняважлівае абыходжанне, супрацоўнікі міліцыі не прадастаўлялі інфармацыю пра затрыманых.

 Як праваабаронцы і грамадзянская супольнасць могуць супрацьстаяць таму, што адбываецца?

— Мы можам — і дэманструем — высокі ўзровень салідарнасці як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні. Людзі з розных НКА займаюцца назіраннем, перадачкамі, зборам сродкаў для затрыманых і г.д. Замежныя калегі збіраюць інфармацыю, распаўсюджваюць яе, падтрымліваюць нас у гэтыя нялёгкія дні.

— Што далей будзе з маніторынгам грамадскіх пратэстаў і яго вынікамі?

— Мы плануем працягваць маніторынгі і нават падрыхтавалі справаздачу пра акцыю 25 сакавіка, за якой нам не далі магчымасці паназіраць. Мы апісалі факт перашкодаў для назіральнікаў, а таксама адсачылі падзеі па СМІ.

— Як увогуле можна ахарактарызаваць падзеі, звязаныя з пратэстамі, затрыманнямі і пакараннямі, якія адбываюцца цягам апошняга месяца?

— Мы зноў увайшлі ў стадыю жорсткіх мераў да іншадумцаў, у тым ліку ў выглядзе разгонаў, арыштаў і крымінальнага пераследу, што з’яўляецца грубым парушэннем правоў чалавека і ўзятых на сябе абавязацельстваў з боку беларускіх уладаў.

 eurobelarus.info