Аляксандр Баразенка абвясціў галадоўку

Асуджаны ўчора, 27 сакавіка, на 15 сутак журналіст тэлеканала «Белсат» Аляксандр Баразенка аб’явіў галадоўку ў знак пратэсту з незаконным пераследам. Увесь час арышту Баразенка мае намер адмаўляцца ад ежы.

4ef5f617_220d_428c_9c6c_d94781d287f3_cx10_cy9_cw76_w1023_r1_s.jpg

Аляксандр Баразенка абвясціў галадоўку ў знак пратэсту супраць незаконнага пераследу. Пра гэта паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
Рашэнне аб арышце Баразенкі на 15 сутак вынесла 27 сакавіка суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Матыль.
Баразенка быў затрыманы 25 сакавіка ў цэнтры сталіцы падчас разгону АМАПам акцыі, прымеркаванай да Дня Волі. Міліцыя прымяніла ў яго дачыненні арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства) — нібыта ён нецэнзурна лаяўся ў грамадскім месцы. Баразенка віны не прызнаў. Усе выхадныя журналіст правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна.
Падчас апытання на судовым пасяджэнні Баразенка паведаміў, што 25 сакавіка "выконваў прафесійныя абавязкі на масавай акцыі — вёў прамую трансляцыю акцыі, назіраў за развіццём падзей". Ён адзначыў, што супрацоўнікі АМАПа затрымалі яго разам з іншымі людзьмі ля крамы "Акіян" на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова. Паводле слоў Баразенкі, ён некалькі разоў назваў сябе і звярнуў увагу міліцыянераў на тое, што ён журналіст, але ўсё роўна быў адпраўлены ў аўтазак.
Баразенка папрасіў суддзю выклікаць у якасці сведкі сваю калегу Кацярыну Бахвалаву, якая працавала з ім разам на акцыі. Журналістка пацвердзіла ўсё, што ён раней сказаў у судзе.
З боку абвінавачвання ў якасці сведкі выступіў супрацоўнік АМАПа Міхаіл Варывончык, які паведаміў, што разам з напарнікам дзяжурыў на вуліцы Казлова і звярнуў увагу на Баразенку, таму што той "лаяўся матам і размахваў рукамі". Ні камеры, ні заплечніка, якія канфіскавалі ў журналіста перад змяшчэння ў ЦІП, міліцыянеры нібыта не бачылі.
Суд задаволіў хадайніцтва Баразенкі аб праглядзе запісу відэатрансляцыі, якую вёў журналіст. Як высветлілася, Баразенка падчас акцыі маўчаў і падаў голас толькі падчас затрымання, калі называў сябе.
Нягледзячы на гэта, суддзя Таццяна Матыль прызнала журналіста вінаватым і прыгаварыла да арышту.
У БАЖ адзначаюць, што ў ЦІП на Акрэсціна таксама адбываюць арышты журналісты Марына Касталянчанка, Сяргей Кійко, Раман Пратасевіч і Дзяніс Івашын. Асацыяцыя прапануе ў знак падтрымкі і салідарнасці дасылаць ім лісты і тэлеграмы.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН