Львоўскі: У Беларусі моцна раздзьмутыя цэны на нерухомасць
Мінск б'е рэкорды па продажах кватэр, пры тым што цэны на нерухомасць набліжаюцца да гістарычнага максімуму. Пра што сведчыць бум на рынку нерухомасці: беларусы вераць у стабільнасць ці ж рыхтуюцца да дэвальвацыі?
Акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі лічыць, што
інвеставаць у жыллё ў Беларусі цяпер — не самая лепшая ідэя.
— Купляць кватэру як інвестыцыю ў Беларусі цяпер дрэнны час, — цытуе эканаміста «Салідарнасць» са спасылкай на праграму «Сварка-шоў». — Хутчэй за ўсё, мы назіраем інвестыцыйную бурбалку на рынку нерухомасці ў Беларусі. У нас сапраўды моцна раздзьмутыя цэны на нерухомасць. Гэта адбываецца менавіта праз тое, што, з аднаго боку, апераджальнымі тэмпамі растуць заробкі, з другога боку, вельмі мяккая манетарная палітыка — гэта значыць адносна лёгка ўзяць крэдыт.
А магчыма, частка беларусаў яшчэ і верыць у нейкую хуткую дэвальвацыю і хоча згуляць у такую беларускую класічную латарэю «Падмані банк — купі кватэру ў крэдыт за дзень да дэвальвацыі».
Зрэшты, ёсць і іншыя прычыны, якімі можа быць абумоўлены рост куплі жылля.
— Праблема палягае ў тым, што праз санкцыі, праз усе праблемы, якія зваліліся на Беларусь пасля 2020 года, магчымасці беларусаў інвеставаць у лепшыя і больш бяспечныя інструменты моцна зменшыліся, — тлумачыць эканаміст. — Вядома, калі ёсць магчымасць вывесці грошы за межы Беларусі і інвеставаць, скажам, у шырокі індэкс акцый, то гэта, значна лепш і надзейней, чым купляць кватэру ў «Мінск-свеце».
Аднак для многіх беларусаў такія інструменты сталі недаступныя. Тады ў гэтым выпадку, на думку эксперта, можна разгледзець укладанні ў нерухомасць у Беларусі.
— Купляць кватэру, напэўна, лепш, чым захоўваць долары пад матрацам. У рэшце рэшт, з-пад матраца іх з большай верагоднасцю выкрадуць, — тлумачыць Леў Львоўскі.
Аднак эканаміст не рэкамендуе спадзявацца зарабіць на куплі жылля, узяўшы грошы ў крэдыт у чаканні дэвальвацыі.
— Калі мы гаворым пра інвестыцыі ў жыллё, гэта значыць з мэтай зарабіць, то, хутчэй за ўсё, сэнсу ў гэтым няма, — адзначае Леў Львоўскі. — Многія беларусы хочуць зноў згуляць вось у гэтую латарэю. У мяне ў самога ёсць знаёмыя, якія пасля пары дэвальвацый плацілі літаральна нейкія смешныя грошы па іпатэцы.
Але я б усё ж такі перасцярог сучасных беларусаў ад такой гульні. У гэтай гульні вы робіце стаўку, што вы разумнейшыя, чым камерцыйны банк і ўсе яго аналітыкі. Але ў банку таксама сядзяць не нейкія пакрыўджаныя розумам людзі. Яны вылічваюць стаўкі і рызыкі так, каб банк таксама не аказаўся ў пустога карыта.
І калі вы бераце крэдыт, чакаючы дэвальвацыю, вы літаральна робіце стаўку на тое, што пралічылі будучыню лепш, чым цэлы аддзел, які складаецца з 20-30 аналітыкаў, якія па восем гадзін у дзень абдумваюць і пралічваюць гэтыя рызыкі.
А вось тое, што ў кагосьці раней быў станоўчы вопыт такіх інвестыцый, аналітык пракаментаваў наступным чынам:
— А ёсць гістарычны вопыт выжывання пасля еўрапейскай чумы. Тады таксама станоўчы гістарычны вопыт захаваўся ў тых, хто выжыў. Але не ўсе выжылі.