Маці беларуса-добраахвотніка просіць Парашэнку заступіцца за сына
Людміла Поспех, маці асуджанага ў Беларусі да пяці гадоў пазбаўлення волі беларуса-добраахвотніка Тараса Аватарава, звярнулася да прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

Людміла Поспех
«Я прашу дапамагчы абараніць сына. І мая мэта не столькі распавесці пра бяду ў сваёй сям’і, а я ганаруся сваім сынам, колькі падтрымаць тых хлопцаў, якія на сённяшні момант не могуць прыехаць або вярнуцца дадому ў Беларусь, і іх абараніць. Майго сына абараніць вельмі складана — гэта залежыць толькі ад жаданьня «вярхоў», таму я і звяртаюся менавіта да ўкраінскай улады звярнуць увагу на тых, хто абараняе цэласнасць Украіны», — сказала Людміла Поспех сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.
Паводле яе, Тарас Аватараў быў затрыманы не ў Беларусі. Яго, нібыта, выкралі яго ў Кіеве спэцслужбы Расіі і перадалі супрацоўнікам КДБ, якія, пасадзілі яго ў машыну і адправілі спачатку да Гомля, а адтуль цягніком да Мінску. Паводле Людмілы Поспех, яе сына суправаджалі на ўсім шляху да чыгуначнага вакзалу ў беларускай сталіцы. На падставе размоў з сынам жанчына мяркуе, што самаробную выбуховую прыладу, за якую асуджаны яе сын, яму падкінулі якраз на мяжы Беларусі і Украіны.
Зварот Людмілы Поспех да ўкраінскіх уладаў падтрымаў Рух салідарнасьці «Разам» — сёння ён будзе накіраваны на электронныя пошты ў Адміністрацыю прэзідэнта Украіны і ў Вярхоўную Раду.
«Заўтра пачнецца візіт кіраўніка сённяшняй улады ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Украіну. Просім вас зрабіць усё магчымае для вызвалення беларускага палітвязня Тараса Аватарава, які быў асуджаны на пяць гадоў зняволеньня па інспіраванай спецслужбамі крыміналнай справе. Насамрэч Тарас знаходзіцца за кратамі толькі таму, што з'яўляючыся грамадзянінам Беларусі, ваяваў за Украіну», — адзначаецца ў звароце, падпісаным лідэрам руху салідарнасьці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам.
Лідэрка новаўтворанай у Кіеве арганізацыі беларусаў «Сябры» Галіна Сарочык паведаміла, што падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў адбудзецца пікет каля будынку Адміністрацыі Прэзідэнта Украіны. Менавіта там будуць адбывацца беларуска-украінскія перамовы. «Я заклікаю і ўкраінцаў далучыцца да нашага пікету», — дадала яна.

Жыхар Наваполацку Тарас Аватараў быў затрыманы 26 лістапада 2015 году на мінскім чыгуначным вакзале. У Аватарава міліцыянты забралі самаробную гранату, сігнальны пісталет Макарава, бронекамізэльку, пасьведчанне добраахвотніка «Правага сектару» з Украіны.
У траўні 2016 года Тарас Аватараў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці за незаконны абарот і кантрабанду выбуховай прылады. Аватараў прызнаў незаконны абарот, але не незаконнае перамяшчэнне прыстасавання празь мяжу (знайшоў гранату на сваіх рэчах у аўтамабілі, якім прыехаў у Гомель з Украіны, здаў выбуховае прыстасаванне міліцыі добраахвотна).
Паводле svaboda.org