Тры погляды на будучыню дачыненняў Беларусі і Украіны
Афіцыйны візіт кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў да свайго
ўкраінскага калегі Пятра Парашэнкі ўзняў пытанне аб перспектывах
далейшых дачыненняў паміж Беларуссю і Украінай. .
Палітолаг Алесь Лагвінец: Прагматычныя інтарэсы мае і Кіеў, і Менск
«Такія візыты звычайна надаюць дынаміку двухбаковым дачыненьням. І тут найперш трэба бачыць прагматычныя інтарэсы як з боку Кіева, так і з боку Менску. Бо калі казаць пра каштоўнасныя падыходы, то якраз разыходжаньні вельмі істотныя. Лукашэнка застаецца нашчадкам старой савецкай традыцыі, якая ёсьць і антыўкраінская, і антыэўрапейская. І ён гэтага моцна не хавае.
Але, зь іншага боку, я мяркую, што эканамічным стасункам гэты візыт дадасьць дынамікі. А ўлічваючы нашу велізарную залежнасьць ад Расеі, любыя паляпшэньні — што з Украінай, што зь іншымі далёкімі і блізкімі краінамі, якія вядуць да дывэрсыфікацыі нашага гандлю, — трэба толькі вітаць. У доўгатэрміновай пэрспэктыве яны станоўча адбіваюцца на нашай незалежнасьці».
Кіраўнік Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў: Беларусь вядзе двайную гульню
«На мой погляд, дачыненьні паміж дзьвюма краінамі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве застануцца, як і цяпер, дастаткова добрымі. Яны стратэгічна выгодныя абедзьвюм дзяржавам. І Беларусь для Ўкраіны, і Ўкраіна для Беларусі — сувэрэнныя партнэры з падобнымі стратэгічнымі інтарэсамі ў рэгіёне і зь вялікай доляй гандлёвага абарачэньня. Пра гэта сёньня казалі і Лукашэнка, і Парашэнка. І гэта тое ядро, вакол якога абарачаюцца ўсе астатнія адносіны.
А далей ёсьць розныя фактары, якія ўскладняюць магчымасьць далейшага разьвіцьця. Першы — геапалітычны ўплыў Расеі. Беларусь тут вымушаная лявіраваць і час ад часу выконваць тое, чаго ад Лукашэнкі патрабуе Крэмль. Беларускі кіраўнік хоча і з Кіевам захаваць добрыя адносіны, і адначасова не папсаваць іх моцна з Масквой. Таму Беларусь тут вядзе двайную гульню.
Гэта не назавеш нэўтралітэтам. Гэта хутчэй спроба выціснуць са складанай сытуацыі максымум выгодаў
Гэта не назавеш нэўтралітэтам. Гэта хутчэй спроба выціснуць са складанай сытуацыі максымум выгодаў. Напрыклад, Беларусь можа стаць каналам для паступленьня нейкіх украінскіх тавараў на расейскі рынак. З аднаго боку, мы можам галасаваць супраць Украіны ў ААН, з другога — з вуснаў Лукашэнкі і некаторых іншых высокіх беларускіх асобаў гучаць прыязныя для Украіны словы. Прычым яны фармулююцца так, што пры жаданьні іх можна разглядаць як антырасейскія.
Другі фактар — разбалянсаванасьць беларускай замежнай палітыкі. Яе відаць у дачыненьнях як з Украінай, так і з Расеяй. То складваецца ўражаньне, што мы найлепшыя сябры, то раптам узьнікаюць нейкія складанасьці кшталту гандлёвых войнаў. І калі гандлёвыя праблемы з Украінай фактычна зьліквідаваныя летась, то з Расеяй яны па-ранейшаму працягваюцца. І гэта не дазваляе выбудаваць трывалыя дачыненьні, якія можна плянаваць надоўга. Для прыкладу можна ўзяць сытуацыю з нафтай. Калі Беларусі спатрэбілася вэнэсуэльская і азэрбайджанская нафта, пайшлі размовы пра неабходнасьць рэалізаваць стары праект Балтыйска-Чарнаморскага калектару. Але як толькі скончылася тая авантура, скончыўся і інтарэс да гэтага важнага праекту».
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі: Індыкатар рэальных дачыненьняў пакажуць вучэньні «Захад-2017»
«Індыкатарам рэальных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Ўкраінай стануць вайсковыя вучэньні „Захад-2017“. Зьвяртаю ўвагу, што міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак выступіў з заявай пра небясьпечнасьць гэтых вучэньняў якраз падчас знаходжаньня ў Кіеве Аляксандра Лукашэнкі. Міністар напісаў, што вучэньні могуць быць выкарыстаныя, каб пачаць агрэсію ня толькі супраць Украіны, але і супраць любой іншай краіны Эўропы, якая мае агульную мяжу з Расеяй. Я ўпэўнены, што час для заявы выбраны невыпадкова.
І яшчэ. Мяне зьдзівіў выклік у Міністэрства замежных справаў Беларусі ўкраінскага амбасадара. Падставай для такога кроку стала ягоная заява, у якой ён таксама выказаў трывогу наконт тых жа вучэньняў. Хочацца верыць, што гэты выклік ня ўнёс сур’ёзных нэгатыўных момантаў у двухбаковыя дачыненьні.
І апошняе. У Кіеве сустракаліся кіраўнікі дзяржаваў. Але паўнамоцтвы ў іх розныя. Ва Ўкраіне, адрозна ад Беларусі, прэзыдэнт ня ўсё вызначае сам. Там ён знаходзіцца пад сталым ціскам Вярхоўнай Рады. І гэта таксама нельга адкідваць, калі мы прагназуем будучыню беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў».
www.svaboda.org