Марфа Рабкова з-за кратаў: «Усё гэта скончыцца, а мы — не!»

Марфа Рабкова з СІЗА напісала на волю: "Галоўнае — захаваць сябе, бо наперадзе яшчэ столькі працы для дабрабыту нашай краіны".

marfa_rabkova.png

Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова даслала адказ на паштоўку, якую атрымала на пачатку чэрвеня, пішуць правааюбаронцы.

 Цікава, што гэта паштоўка была датаваная жніўнем мінулага года, але перадалі яе Марфе толькі цяпер: "Толькі на наступны дзень я звярнула ўвагу на дату — 25.08.21. Гэта таксама было нечакана =)"

Ужо другі месяц над Марфай Рабковай у закрытым рэжыме адбываецца суд, але яна не губляе аптымізму: "Паштоўка мяне вельмі падбадзёрыла і ўзняла настрой. Я вярнулася з судовага пасяджэння трохі прыхварэлая — а тут такі сюрпрыз! Вельмі-вельмі прыемна :)

Спадзяюся, што ў вас усіх усё ў парадку, наколькі гэта магчыма пры ўсіх абставінах. Ні ў якім разе нельга апускаць рукі і ўпадаць у адчай. Я веру, што ўсё павінна скончыцца і стаць на свае месцы.

Вельмі моцна па ўсіх сумую і перажываю, хочацца хутчэй сустрэцца і ўсіх абняць. Але я добра разумею, што трэба пацярпець і не вешаць нос.

У мяне ўсё адносна ў парадку, жыццё ўсё ж працягваецца — і яшчэ невядома, куды яно нас завядзе. Я настроеная на аптымістычны лад.

Са здароўем усё ніштавата, думаю, што вытрымаю ўсе гэтыя выпрабаванні. Настройваю свой арганізм на тонус, бо ў здаровым целе — здаровы дух".

Марфа перадае ўсім аграмаднае прывітанне і абдымае: "Усё гэта скончыцца, а мы — не! Таму самае галоўнае — захаваць сябе, бо наперадзе яшчэ столькі працы для дабрабыту нашай краіны".

Падтрымаць Марфу лістамі, бандэролькай ці грашовым пераводам можна па адрасе:СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Марыі Аляксандраўне Рабковай