«Марыяй і Максам можна ганарыцца». Максім Знак выступаў з апошнім у судзе словам амаль тры гадзіны

Судовы працэс на палітвязнямі Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам выйшаў на фінішную прамую. Сёння абвінавачаныя выступілі з апошнім словам, прысуд будзе агучаны 6 верасня. Адвакаты зняволеных пасля заканчэння пасяджэння распавялі, як пачуваюцца іх падабаронныя і якімі былі іх выступы перад вынясеннем прысуду.

kz700.jpg

Адвакат Уладзімір Пыльчанка падзяліўся ўражаннем ад выступаў у судзе Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, а таксама распавёў, як паводле працэдуры выносіцца прысуд:

— Вельмі годныя выступы. Максім больш выказваўся па юрыдычнай частцы, у Марыі выступ быў у большай меры эмацыйным. Яна расказвала пра свае каштоўнасці і каштоўнасці штаба Бабарыкі. Марыю перабівалі некалькі разоў, паколькі суд палічыў, што яе тлумачэнні не датычыліся абставін справы. Тым не менш, Марыя выказала ўсё, што хацела сказаць. Максіма не перабівалі. Максім выступаў каля трох гадзін.

Адвакатка Максіма Знака Надзея Знак падзялілася ўражаннямі ад працэсу. Нагадаем, адвакаты звязаныя падпіскай, таму ніякіх дэталей расказаць не могуць:

— З аднаго боку, мы як юрысты разумеем практыку апраўдальных прысудаў, якая ў нас у краіне склалася. З іншага боку, мы бачым тую шчырасць, сумленнасць, адкрытасць, без усялякіх выкрутаў, усё як на далоні, якую прадэманстравалі Марыя і Максім. Іх грамадзянскую пазіцыю, іх высокія маральныя якасці, іх любоў да Радзімы, іх павагу да закону. У гэтым выпадку вельмі хочацца, каб справядлівасць і закон перамаглі, каб яны былі апраўданыя.

Як грамадзяне мы, вядома, адчуваем гонар за тое, што яны таксама грамадзяне краіны. З такімі найразумнейшымі і высакароднейшымі кліентамі было нам як абаронцам вельмі прыемна працаваць. Мы стараліся рабіць сваю працу як мага лепш. Максім і Марыя заўсёды былі бадзёрыя і аптымістычныя. Яны не змяніліся наогул. Імі можна ганарыцца, я лічу.

Марыю Калеснікаву і Максіма Знака абвінавачваюць ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.