Маскі з жабінай ікры і попел замест зубной пасты. Як нашы продкі падтрымлівалі асабістую гігіену
Як нашыя продкі мыліся без мыла, шампуняў і геляў для душа, як чысцілі зубы, а таксама якім чынам жанчыны ратаваліся падчас менструацыі. Яшчэ мы даведаемся, навошта дзяўчаты ўмываліся адварам з ластаўчыных гнёздаў і для чаго выкарыстоўвалі жабіну ікру. Пра гэта гісторык Дар’я Гардзейчык распавяла onliner.by
Зазірнуць у беларускі побыт мінулых часоў нам дапамагае Дар’я Гардзейчык, стваральніца маладога інстаграм-праекта «Альтэрнатыўны Музей» з некананічным падыходам да гісторыі, культуры і мастацтва Беларусі.
Як людзі жылі без ванны і душа? Хадзілі ў лазню
— У вёсках гэта развівалася прыкладна ніяк, таму што яшчэ ў канцы 1990-х мая прабабуля не мела ні вадаправоду, ні каналізацыі. У яе былі два варыянты: ці хадзіць у лазню, ці проста набіраць ваду з ракі, грэць на печы і неяк мыцца, — пачынае Дар’я. — Але ж упершыню лазні ў нас згадваюцца ў часы Міндоўга, у XIII стагоддзі. Гэта ўпамінаецца мімаходзь, маўляў, нехта пайшоў у лазню, і яго там забілі, але факт існавання лазняў у той час пацвярджаецца.
У XVI—XVII стагоддзях у Гродне ўжо былі грамадскія лазні — яны з’яўляліся пераважна на берагах рэк як у буйных гарадах, так і ў вёсках. Хутчэй за ўсё, гэтыя лазні з самага пачатку былі платнымі, таму што разам з імі адкрываліся таксама цырульні і корчмы.
— Увогуле ў вёсках тэма лазняў была вельмі сакральнай і звязанай з міфалогіяй. Напрыклад, туды нельга было хадзіць пасля поўначы. Лічылася, што ў гэты час па наваколлі гойсаюць нячысцікі, а лазня якраз павінна ачышчаць цела ад іх. Таксама ёсць сведчанні, што роды прымалі менавіта ў лазнях, бо там вада, цеплыня і адносная стэрыльнасць, — гаворыць дзяўчына.
Яна таксама распавядае, што сведчанні аб наяўнасці каналізацый на нашай зямлі датаваныя прыкладна тымі ж XVI—XVII стагоддзямі. Найперш іх праводзілі ў буйных гарадах (у тым жа Мінску) і выраблялі са ствалоў дрэў.
Што выкарыстоўвалі замест мыла і шампуню?
Раней нашыя продкі выкарыстоўвалі адмысловы скраб — змешвалі пясок, гліну і алей. Здаралася і такое, што мылам служыў пчаліны воск. А валасы пераважна мылі з дапамогай адвараў траў: крапіва, зверабой і іншыя расліны, што сустракаюцца ў нас паўсюдна.
— У гістарычных крыніцах ёсць версіі, што духмянае мыла на нашу тэрыторыю прывезла цудоўная Бона Сфорца (XVI стагоддзе. — Заўв. рэд). Яна была італьянкай і ўвогуле шмат чаго новага прыўнесла ў нашу краіну. Акрамя мыла, Бона Сфорца першаю прывезла ў кракаўскі палац губкі для цела. Да гэтага людзі карысталіся жорсткімі мачалкамі, — расказвае Дар’я. — Пазней мылаварэнне было неблагім бізнесам. У XVI стагоддзі ў Гародні манахі выраблялі свечкі і з таго ж воску заадно гатавалі мыла. Часам людзі маглі паўтараць гэта ў хатніх умовах.
У XVIII—XIX стагоддзях ужо з’явіліся майстэрні і заводы для мылаварэння. Спачатку абсталяванне там было зусім простым, але з цягам часу ўдасканальвалася. Але ж да нашых дзён практычна нічога не захавалася. Можна толькі меркаваць, што прылады былі такімі ж, як у тагачаснай Еўропе.
А як чысцілі зубы?
— Трэба падзякаваць літоўскім навукоўцам, якія любяць пакапацца на могілках і паглядзець, што цікавага ёсць у памерлых 500 гадоў таму. Каля 80% даследаваных матэрыялаў паказалі карыес, — інтрыгуе Дар’я. — Улічваючы, што сярэдневяковыя сяляне харчаваліся пераважна расліннымі прадуктамі (хлеб з мукі грубага памолу, рэпа, крупы, мёд), то на карыес у асноўным яны і пакутавалі. Дваранства мела больш мяса-малочных прадуктаў, таму ў іх было менш праблем і заставалася больш зубоў. Але ў даследаваннях не абышлося без паказчыку «ў сярэднім па палаце»: у 40-гадовага чалавека заставалася 24 зубы з 32, то-бок 25% зубоў як карова языком злізала, а астатнія былі ўжо падгнілымі. Дваране ж да 40 год гублялі толькі адзін-два зубы.
Вядома, што стаматалогіі ў адэкватным яе разуменні не было. Людзі, хворыя на зубы, мелі два варыянты: або пайсці да бабкі-шаптухі і «загаварыць» зуб, каб не балеў, або проста вырваць яго з коранем і забыцца. Але што наконт чысткі зубоў?
— Лічыцца, што нармальныя зубныя шчоткі з’явіліся ў Еўропе толькі ў XVIII стагоддзі. Дарэчы, ужо ў XVI стагоддзі там было і такое-сякое зубное пратэзаванне, але літоўскія даследчыкі нічога падобнага ў сябе не знайшлі, — згадвае дзяўчына. — У пісьмовых крыніцах кшталту траўнікаў ёсць рэкамендацыі паласкаць рот раніцай ці пасля прыёму ежы віном, вадой або травяным адварам. Таксама раілі ўжываць ільняную тканіну і попел (аналагі шчоткі і пасты адпаведна. — Заўв. рэд.).
А як спраўляліся з праблемамі скуры без скрабаў, крэмаў і тонікаў?
Догляд за скурай у вясковых жанчын зводзіўся да ўмывання вадой з калодзежа. Гэты шторанішні рытуал выконваў не толькі гігіенічную функцыю, але ж і містычную. Як мы памятаем, ноччу паўсюль гулялі нячысцікі, таму ўсё гэта трэба было змыць чыстай вадою.
— Улічваючы тое, што дзяўчаты і жанчыны шмат працавалі ў полі, з натуральным румянцам усё было добра. Але ж ёсць згадкі, што часам яны націралі шчокі бураком, а бровы падводзілі вугельчыкам. Таксама была цікавостка з бяленнем твару, бо доўгі час прыгожай лічылася бледная дзяўчына, а загар быў прыкметай цяжкай працы ў полі. Дык жанчыны часам націралі твар агурком і мыльнікам лекавым. Але ж гэтыя сведчанні адносяцца ўжо да XIX стагоддзя, — адзначае Дар’я.
Таксама ў беларускіх хрысціян была народная прыкмета: калі на Вялікдзень дзяўчына возьме чырвонае фарбаванае яйка і пакатае яго па твары, тады натуральны румянец будзе захоўвацца доўгі час. Гэта ўжо паводле дадзеных фалькларыстаў.
— Рабацінне, альбо вяснушкі, лічылася жахлівым, і яго чамусьці ў народзе звязвалі з ластаўкамі. Лічылася, што калі дзяўчына мае вяснушкі, значыцца, яна разбурыла ластаўчына гняздо, — кажа суразмоўца. — Існавала павер’е, што трэба выйсці на вуліцу, падысці да ластаўкі і сказаць «Вазьмі мае вяснушкі — вярні мой твар». Гэта быццам павінна было дапамагчы. Таксама ёсць згадкі пра дзіўную прыкмету, што трэба ўмыцца адварам з ластаўчынага гнязда. Але гэта трохі супярэчыць згаданай прыкмеце — магчыма, фальклорныя звесткі былі сабраны з розных рэгіёнаў. Таксама супраць рабаціння выкарыстоўвалі жабіну ікру: жаба — істота халаднакроўная, таму яе ікра павінна дапамагаць ад усялякіх запаленняў і аказваць заспакаяльны эфект.
Чым карысталіся жанчыны падчас менструацыі?
Нічым. Рэч у тым, што раней жанчыны асабліва не насілі бялізны — толькі споднюю кашулю, таму кроў так і заставалася на гэтай сарочцы.
— Да таго ж была народная прыкмета: кашулю нельга мяняць на іншую, пакуль не скончацца месячныя. Лічылася, што калі жанчына зменіць сарочку і надзене свежую, у яе пачнецца яшчэ большая менструацыя і ўвогуле вялікія кровацячэнні, — тлумачыць Дар’я. — Разуменне таго, што гэта негігіенічна і ўвогуле не вельмі добра, што ў цябе кроў цячэ па нагах, прыйшло толькі ў XIX стагоддзі з развіццём медыцыны. Тады жанчыны сталі выкарыстоўваць чыстыя анучкі. А да гэтага нічым не карысталіся нават дваранкі.
А як рабілі манікюр ды педыкюр?
Падчас раскопак пілачкі для ногцяў ніколі не трапляліся. Але ж самі ногці мелі даволі сакральнае значэнне.
— У нашых продкаў існавала ўяўленне, што да грэхападзення (выгнання з раю) гэтай арагавеласцю было пакрыта ўсё цела чалавека, але пасля выгнання засталіся адны толькі ногці. Людзі лічылі, што іх трэба абразаць, збіраць у мяшэчак і захоўваць. І пасля таго як чалавек паміраў, яму гэты мяшэчак клалі ў магілу, каб гэтыя ногці дапамаглі яму на тым свеце. Лічылася, што калі іх раскідваць дзе папала, пасля смерці душа не зможа патрапіць ні ў рай, ні ў пекла. І ўвогуле Бог можа пераўтварыць такога чалавека ў бусла, які будзе хадзіць па зямлі, пакуль не збярэ ўсе свае ногці, — усміхаецца дзяўчына.
Фарбаваць ногці пачалі ўжо ў савецкія часы, калі з’явіліся лакі.
А што з эпіляцыяй?
У літоўскім гістарычным музеі захоўваецца брытва XIII—XIV стагоддзяў. Такія прадметы былі знойдзены антраполагамі падчас раскопак на старажытных магілах. «Станкі» знаходзілі толькі ў мужчынскіх пахаваннях, таму можна сцвярджаць, што жаночая эпіляцыя не была папулярнай сярод нашых продкаў.
— Традыцыя на жаночую эпіляцыю з’явілася ў свеце ўсяго толькі сто гадоў таму, калі кампанія Gillette зразумела, што вычарпала сваю мэтавую аўдыторыю — мужчын (на той час ужо ўсе яны карысталіся прадукцыяй гэтага брэнда). Таму вытворца вырашыў пераключыцца на жанчын, — адзначае Дар’я. — Маўляў, гэта ў віктарыянскія часы вы хадзілі зашпіленыя на ўсе гузікі і падпахаў вашых не было відаць, а зараз больш адкрытая вопратка, таму прыйшоў час галіцца. Была запушчана рэкламная кампанія, пасля якой жанчыны пачалі выдаляць «лішнія» валасы.
Трэндаў на мужчынскія бароды, як у Расіі да часоў Пятра I, у нашых продкаў не існавала. Наадварот, лічылася, што лепей трымаць ахайнасць, але ж строгіх правіл не было.
А як мылі адзенне да з’яўлення пральных машын і парашкоў?
Схема простая, але цяжкая ў выкананні. Жанчыны неслі бялізну і адзенне на раку (у люты мароз таксама) і мылі ўсё гэта там без аніякіх сродкаў. Для вывядзення плям выкарыстоўвалі той жа попел або мыла. Таксама гісторыкам вядома пра так званую жлукту — нешта накшталт кадкі для запарвання бялізны.