Мікіта Емяльянаў галадуе ў СІЗА

За што Мікіту Емяльянава кідаюць у ШІЗА? Палітвязень трымаў сухую галадоўка 10 дзён — з 3 лютага, — а цяпер працягвае галадаваць, але п’е ваду

img_0946_logo__1__logo_1_1_1_2_logo_1.jpg

Стала вядома, за што палітвязня Мікіту Емяльянава караюць суткамі ў штрафным ізалятары. Двойчы яму выносілі спагнанні за тое, што Мікіта адмаўляўся прыбіраць прагулачны дворык. Яшчэ адзін раз — за тое, што не зрабіў даклад падчас праверкі.

Мікіта Емяльянаў прызнаў, што сапраўды адмаўляўся прыбіраць дворык, бо на прагулку яго прыводзілі ва ўжо брудны двор, дзе было наплявана іншымі вязнямі, накідана цыгарэтных агаркаў. Палітвязень не адмаўляецца прыбіраць за сабой, ён сочыць за чысцінёй у камеры, але не разумее, чаму на думку адміністрацыі турмы прыбіраць за астатнімі таксама мусіць менавіта ён.

Вядома, што супрацоўнікі адміністрацыі не прымаюць скаргі і заявы ад Мікіты, таму ён на знак пратэсту абвясціў сухую галадоўку з 3 лютага і трымаў яе 10 дзён. Пасля ён пачаў піць ваду праз дрэннае самаадчуванне, але працягвае галадоўку.

Нагадаем, актывіста анархісцкага руху, асуджанага да 4 гадоў калоніі, з 9 чэрвеня 2020 года перавялі на строгі турэмны рэжым у Магілёўскую турму №4. Супрацоўнікі турмы склалі на палітвязня ўжо больш за 60 рапартаў за парушэнні рэжыму ўтрымання. Але сам Мікіта раней тлумачыў, што рэжым парушаў на знак пратэсту пастаяннага парушэння яго правоў адміністрацыяй турмы.

Мікіта Емяльянаў з 18 студзеня бесперапынна знаходзіцца ў ШІЗА. За гэты час яму вынеслі чатыры спагнанні агулам на 34 сутак. 

З 27 студзеня яго пачалі судзіць на тэрыторыі турмы №4 па абвінавачванні ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнні правілаў унутранага распарадку (ч. 2 арт. 411 КК). Палітвязню пагражае да 2 гадоў зняволення.

Прызначаны на 16 лютага працяг судовага пасяджэння не адбыўся праз хваробу суддзі Аксаны Ратнікавай.