Анархіста Мікіту Емяльянава трымалі ў карцары 38 дзён
Палітвязня Мікіту Емяльянава трымалі ў карцары 38 дзён. Новую крымінальную справу супраць яго хутка перададуць у суд, паведамляюць праваабаронцы
Крымінальную справу па ч. 2 арт. 411 КК супраць палітвязня Мікіты Емяльянава да канца снежня павінны накіраваць у пракуратуру для перадачы ў суд.
24 снежня палітвязню было пра’яўлена канчатковае абвінавачванне ў злосным непадпарадкаванні адміністрацыі турмы. Мікіта ўжо азнаёміўся з матэрыяламі справы, а падчас допыту адмовіўся ад дачы паказанняў.
Емяльянаў з лістапада знаходзіўся ў карцары. Яго каралі суткамі чатыры разы запар. Агулам у карцары ён правёў 38 дзён і выйшаў толькі 25 снежня.
Анархіста Мікіту Емяльянава не выпусцілі з карцару і праз 30 дзён
Пасля 30 дзён у карцары Мікіта Емяльянаў адтуль не выйшаў. Яму дадалі яшчэ трое сутак за міжкамерную сувязь, паведамляюць праваабаронцы.
Пасля выхаду з карцару яму аддалі дадатковую пасылку з садавіной, гароднінай і кніжную бандэроль, якія сваякі адправілі яшчэ 12 лістапада. Акрамя гэтага, з 25 снежня адміністрацыя турмы трымае Мікіту ў адзіночнай камеры.
Нагадаем, актывіста анархісцкага руху, асуджанага да 4 гадоў калоніі, з 9 чэрвеня 2020 года перавялі на строгі турэмны рэжым у Магілёўскую турму №4. Супрацоўнікі турмы склалі на палітвязня ўжо больш за 60 рапартаў за парушэнні рэжыму ўтрымання. Але сам Мікіта раней тлумачыў, што рэжым парушаў на знак пратэсту пастаяннага парушэння яго правоў адміністрацыяй турмы.
Падтрымайце палітвязня паштоўкамі і лістамі салідарнасці:Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Емяльянаву Мікіту Уладзіміравічу