Мікалай Казлоў перад арыштам: Сорамна за судовую сістэму
«Я не маю намеру нікуды з’язджаць, не маю намеру пакідаць сваю краіну. Прайду гэты шлях разам з беларусамі», — заявіў Казлоў.
Сёння прысуд па справе старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова ўступіў у сілу, і ён пачаў адбываць прызначаны судом трохмесячны тэрмін за разгалошваньне звестак следства ў справе Каардынацыйнай рады, паведамляе «Свабода».
Мікалай Казлоў сам, у суправаджэнні сяброў, прыйшоў у Цэнтральнае РУУС а 18-й па позве, паведаміла прэс-сакратар АГП Ганна Красуліна.
«Я не маю намеру нікуды з’язджаць, не маю намеру пакідаць сваю краіну. Прайду гэты шлях разам з беларусамі, — заявіў Казлоў. — Я па-ранейшаму лічу прысуд неправасудным, ён не заснаваны на фактах, няма ніводнага рэальнага доказу парушэння мной закона. Мне сорамна за нашу судовую сістэму, за тых суддзяў, якія прымалі рашэнне».
Нагадаем, 6 жніўня суддзя Ленінскага суда Мінску Шоцік Т. В. прызнала Мікалая Казлова вінаватым паводле арт. 407 КК — «Разгалошванне звестак дазнання, папярэдняга следства або закрытага судовага пасяджэння» — і прысудзіла яму 3 месяцы арышту. 9 лістапада Мінскі гарадскі суд пакінуў прысуд у сіле. Мікалай Казлоў прызнаны палітвязнем.