Мінабароны Беларусі параіла DW чытаць кітайскіх філосафаў

На просьбу патлумачыць удзел пскоўскіх дэсантнікаў і ваенных КНР у парадзе ў Дзень незалежнасці Беларусі ў Мінабароны РБ прапанавалі DW пачытаць ваенную дактрыну краіны і кітайскіх філосафаў.

5165_1000x562.jpg


Начальнік упраўлення інфармацыі Міністэрства абароны Беларусі Уладзімір Макараў перасцярог DW ад спробаў "знайсці супярэчнасці ва ўзаемаадносінах Беларусі з дзяржавамі блізкага і далёкага замежжа". "Варта расчараваць супрацоўнікаў Deutsche Welle", — адзначана ў лісце Макарава, які апынуўся ў распараджэнні рэдакцыі 9 ліпеня.
Так ён адказаў на просьбу DW патлумачыць удзел у ваенным парадзе з нагоды Дня незалежнасці Беларусі 3 ліпеня вайскоўцаў расійскай 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі, дыслакаванай у Пскове, і ваенных кітайскай арміі. Запыт быў накіраваны ў міністэрства абароны Беларусі 29 чэрвеня.
Афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Беларусі адзначыў, што ваенная палітыка Рэспублікі Беларусь "максімальна адкрытая". Пра гэта, паводле яго слоў, гаворыцца ў ваеннай дактрыне краіны. У дакуменце ў ліку "прыярытэтных напрамкаў у кааліцыйнай ваеннай палітыцы" называецца далейшае развіццё стасункаў з Расіяй.
Макараў не адказаў на пытанне DW аб тым, хто прымае рашэнне аб удзеле салдат войскаў іншых краін у ваенным парадзе ў беларускай сталіцы. Летась 3 ліпеня пскоўскія дэсантнікі ў Мінску не маршыравалі, хоць раней прымалі ўдзел у ваенных парадах у сталіцы Беларусі. У 2017 годзе яны выконвалі "іншыя задачы", у прыватнасці, адзначаецца ў лісце, былі задзейнічаны ў беларуска-расійскіх вучэннях "Захад-2017".
Па дадзеных расейскіх СМІ, пскоўскія дэсантнікі маглі прымаць удзел у ваенных дзеяннях у Данбасе, сярод іх ёсць загінуўшыя. А кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка незадоўга да святкавання Дня незалежнасці краіны заявіў аб тым, што асцерагаецца ў Беларусі "вайны, як на Украіне".
Што ж тычыцца ўдзелу ў ваенным парадзе ў Мінску кітайскіх ваенных, то яно, па словах Макарава, "цалкам адпавядае развіццю адносін" паміж Беларуссю і КНР. Прадстаўнік беларускага Мінабароны параіў DW "не шукаць схаваных супярэчнасцяў паміж Беларуссю і яе саюзнікамі", а чытаць кітайскіх філосафаў. "У прыватнасці, аўтарам адпаведных пытанняў Deutsche Welle не перашкаджала б ведаць, што" цяжка знайсці ў цёмным пакоі чорную котку, калі яе там няма", — адзначаецца ў канцы ліста.
Паводле dw.com