Станіслаў Шушкевіч: Парад – гэта марнаванне сродкаў

Парады — проста марнаванне сродкаў. Ніякага патрыятычнага руху тут няма. 



55232359_96bf_4e43_becf_572e46bf4201_w1023_r1_s.jpg

Апошні парад 3 ліпеня беларускі кіраўнік пахваліў, а ў сацыяльных сетках да гэтага часу працягваецца абмеркаванне таго, ці патрэбны быў такі дарагі фэст і лязганне зброяй за бюджэтныя грошы.

Станіслаў Шушкевіч перакананы:

— Я лічу, што гэтыя парады нам абсалютна не патрэбны. Гэта проста марнаванне сродкаў. Ніякага патрыятычнага руху тут няма. Запрашаць на парад расейцаў і кітайцаў — гэта наогул у маю галаву не ўкладаецца. Нейкі тэатр абсурду.

Парад — гэта забава аўтарытарных дзеячаў, не больш за тое. Былі ў свой час і расейскія імператары, якія таксама цешыліся рознымі сваімі палкамі. Наша краіна таксама зараз перажывае гэты этап, таму што ўлады думаюць, што паказваюць людзям нешта новае. А насамрэч яны паказваюць даўно пройдзеныя этапы гісторыі. Таму, калі няма куды дзяржаўныя сродкі ўкладваць, няхай весяляцца і далей.

— А людзей такія мерапрыемствы не яднаюць?

— Як можа адбывацца яднанне з-пад палкі? Пры Саюзе таксама зганялі на парады прымусова, людзі смяяліся з гэтых шэсцяў. Больш за тое, зараз такія мерапрыемствы нават раз’ядноўваюць людзей, бо пачынаюцца спрэчкі прыхільнікаў парадаў і тых, хто супраць. Навошта гэта дзяржаве? Увогуле, сёння я бачу вялікі кантраст паміж кланам чыноўнікам і простым людам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя