Мінабароны Беларусі пракаментавала гібель салдата ў Барысаве
Прэсавы сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Пячах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд.
У рэдакцыю “Радыё Свабоды” перадалі фатаздымкі цела Аляксандра, на якіх выразна відаць вялікія гематомы на галаве і тулаве загінулага.
Сваякі і сябры, якія ездзілі ў Печы забіраць цела Аляксандра і размаўлялі з іншымі салдатамі і афіцэрамі, не вераць у тое, што Аляксандр учыніў самагубства.
3 кастрычніка 21-гадовага Аляксандра Коржыча нібыта знайшлі павешаным у вайсковай частцы ў Пячах, што пад Барысавым, дзе ён праходзіў тэрміновую службу.
Прэсавы сакратар Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімір Макараў заявіў “Радыё Свабода”:
«Праводзяцца следчыя дзеянні ўпаўнаважанымі на тое следчымі органамі. І ніякіх каментараў па азначэнні да завяршэння расследавання не будзе. Усё астатняе — чуткі і домыслы. Справай займаецца Следчы камітэт. Гэта першы выпадак самагубства ў Пячах сёлета. Яшчэ раз паўтаруся: усё астатняе — чуткі і домыслы. У нашых інтарэсах дасканала высветліць і вывучыць усе фактары, звязаныя з негатыўнай зявай, і няма ніякіх сумневаў, што адпаведнымі кампетэнтнымі органамі гэта будзе зроблена аб’ектыўна і сумленна».
На пытанне “РадыёСвабода”, што гэта не першы выпадак нібыта самагубства (у вайсковай частцы № 25849, што ў Барысаве, 31 сакавіка 2017 года быў знойдзены мёртвым 25-гадовы Арцём Басцюк, які скардзіўся бацькам на пазастатутныя адносіны і дзедаўшчыну), палкоўнік Макараў адказаў:
«Гэта іншая вайсковая частка, гэта не Печы. У гэтай справе следства не скончанае, таму таксама ніякіх каментароў».