Севярынец: якое гэта Мінабароны, калі беларусаў забіваюць у сваім войску!?
Міністэрства абароны, якое пару тыдняў таму на вучэннях "Захад–2017" пахвалялася перад усім светам "баегатоўнасцю" — пакрывае дзікую "дзедаўшчыну" і адмаўляецца расследаваць відавочнае забойства, кажа Павел Севярынец.
Сустаршыня “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” Павел Севярынец патрабуе ад Міністэрства абароны і Генеральнай пракуратуры РБ выявіць і пакараць тых, хто здзейсніў зверскае забойства жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў Пячах пад Барысавым.
— Сітуацыя відавочная і страшная, — сказаў прэс-службе БХД Павел Севярынец. — У маладога жаўнера, Аляксандра Коржыча, паводле шматлікіх сведчанняў, вымагалі грошы проста за тое, каб яго не білі. Урэшце, па-зверску забілі і інсцэнавалі суіцыд. Міністэрства абароны, якое пару тыдняў таму на вучэннях "Захад–2017" пахвалялася перад усім светам "баегатоўнасцю" — пакрывае дзікую "дзедаўшчыну" і адмаўляецца расследаваць відавочнае забойства. У СМІ ўжо трапілі сведчанні пра разгул нестатутных адносінаў у Печах, здымкі з гематомамі на галаве і целе Аляксандра — а прадстаўнікі міністэрства ўпарта паўтараюць пра суіцыд. Што гэта за "абарона" такая, калі беларусаў забіваюць у быццам бы беларускім войску?!
Мы патрабуем ад Мінабароны і Генеральнай пракуратуры поўнага і адкрытага расследавання, — заявіў Павел Севярынец. — Калі інфармацыя пра "дзедаўшчыну" і забойства Аляксандра пацвердзіцца, мы будзем настойваць на расфармаванні адпаведных вайсковых частак і адстаўцы міністра.
Паводле паведамленняў незалежных СМІ, апублікаваных 8 кастрычніка, у распараджэнні журналістаў маюцца шматлікія доказы забойства Аляксандра Коржыча ў выніку нестатутных адносінаў у беларускім войску.