Мінчука асудзілі на 2 гады «хіміі» за 5 хвілін знаходжання на праезднай частцы

Вячаслаў Яльніцкі адзначыў, што лічыць недаказаным яго намер на парушэнне грамадскага парадку і жаданне надыходу грамадска небяспечных наступстваў, таксама недаказана яго нежаданне выконваць законныя патрабаванні праваахоўнікаў.

elnicki_sud.jpg

У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска 25 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 24-гадовага Вячаслава Яльніцкага, якога вінавацяць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, — па падзеях 22 лістапада (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядае суддзя Андрэй Млечка. Бок абвінавачвання прадстаўляе старшы памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Валерыя Таратынка.

Абвінавачаны знаходзіцца пад хатнім арыштам з 5 лютага 2021 года, у судзе абараняе сябе самастойна.

Хадайнічаў пра спыненне справы, бо ўжо быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за падзеі таго дня. Вячаслаў Яльніцкі быў затрыманы 22 лістапада і адсядзеў 13 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паводле арт. 23.34 КаАП (арт. 24.23 КаАП у новай рэдакцыі).

Пракурор хадайніцтва не падтрымала, прапаванавала суду вырашыць хадайніцтва пры вынясенні рашэння па крымінальнай справе.

Паводле абвінавачання, будучы дасведчаным пра плануемае незаконнае масавае мерапрыемства з інтэрнет-крыніц, Яльніцкі не пазней за 13.20 гадзін 22 лістапада прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту і прадпрыемстваў. А менавіта Вячаслаў Яльніцкі з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў і пратэсту супраць дзеючай улады прыняў удзел у вулічным шэсці, у тым ліку рухаўся па вул. Прытыцкага па праезнай частцы ад дома 97 да дома 93, наўмысна парушаў грамадскі парадак і ўсведамляў супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў, не выконваў патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі ў форменным абмундзіраванні, выкрыкваў лозунгі. Паводле меркавання Валерыі Таратынка, віна падсуднага даказаная паказаннямі сведак, пісьмовымі матэрыяламі справы і рэчавымі доказамі.

З абвінавачаннем Вячаслаў Яльніцкі не пагадзіўся, віну прызнаў часткова.

Спачатку ў судзе быў дапытаны сведка — камандзір узвода ДАІ Фрунзенскага раёна Артур Басалай.

Адразу ён казаў, што дрэнна памятае падзеі таго дня, але потым удакладніў, што 22 лістапада выязджаў на службовым аўтамабілі ў раён ст. м. «Каменная горка», там знаходзіліся людзі, якія выкрыквалі лозунгі, выходзілі на праезную частку.

— Ці выходзіў абвінавачаны на праезную частку? Паглядзіце ўважліва на яго твар, ці памятаеце яго сярод тых, хто выходзіў? — запытала пракурорка.

— Па-мойму да, нешта было, — адказаў сведка.

— Па якіх даных вы можаце яго апазнаць?

— Высокага росту, не надта моцнага целаскладу…

Таксама сведка кажа, што пазнае абвінавачанага па рысах твару. Пацвярджае, што неаднаразова праз гукаўзмацняльнік папярэджваў грамадзян пра неабходнасць спыніць супрацьпраўныя дзеянні і разысціся, у тым ліку сысці з праезднай часткі. Аднак людзі ніяк не рэагавалі, заставаліся на праезнай частцы.

Вячаслаў удакладніў у сведкі, як доўга ён знаходзіўся на праезнай частцы, аднак супрацоўнік ДАІ не змог адказаць.

Сам Вячаслаў Яльніцкі патлумачыў, што сапраўды ў той дзень знаходзіўся на праезнай частцы і быў затрыманы. Але не прызнаў, што ў яго дзеяннях ёсць склад злачынства.

Распавёў, што прыехаў у раён ст. м. «Каменная горка» каля 13-ай гадзіны для ўдзелу ў масавым мерапрыемстве, пра якое даведаўся ў «тэлеграм-канале, які нельга называць». Некаторы час знаходзіўся там. Каля 13.20 звярнуў увагу, што транспарт не рухаецца па праезнай частцы, праз некаторы час туды пачалі выходзіць людзі, гучалі заклікі «На дарогу». Вячаслаў Яльніцкі бачыў, што дарожны рух спынены, і таксама вырашыў выйсці на праезную частку. Прабыў там каля хвіліны, заўважыў, што людзі пачалі рухацца. Ён пакінуў праезную частку і ў хуткім часе быў затрыманы.  

Кажа, што бачыў супрацоўнікаў ДАІ, іх машына знаходзілася пасярэдзіне праезнай часткі, але не чуў ад іх патрабаванняў да грамадзян.

Калі знаходзіўся на праезнай частцы, лозунгаў не выкрыкваў, быў бліжэй да «галавы» калоны падчас руху. У той момант разумеў, што здзяйсняе адміністрацыйнае правапарушэнне, але не ведаў, што робіць крымінальнае злачынства.

Пасля гэтага суд перайшоў да азнаямлення з пісьмовымі матэрыяламі справы. З іх вынікае ў тым ліку, што камеры відэаназірання зафіксавалі абвінавачанага, які рухаўся ў калоне адным з першых. Пры гэтым на адным з відэазапісаў адзначаецца, што ў 13.19 гадзін людзі выйшлі на дарогу, у 13.24 людзі разбягаюцца і пакідаюць праезную частку, а ў 13.26 супрацоўнікі АМАПа праводзяць затрыманне чалавека, падобнага на абвінавачанага.

Таксама ў матэрыялах справы ўтрымліваецца даведка ад «Мінсктранса» аб нанесенай шкодзе спыненнем грамадскага транспарту ў памеры 2000 рублёў і 89 капеек.

Сведка Прановіч не з’явіўся ў суд, бо знаходзіцца за межамі Мінска. У судзе былі зачытаныя яго паказанні, якія ён даваў падчас папярэдняга следства: 22 лістапада быў зафіксаваны збой руху транспарту па вул. Прытыцкага-Лабанка ў сувязі з выхадам людзей на праезную частку. Сам сведка на месцы падзей не прысутнічаў, ведаў пра падзеі праз СМІ. Нанесеная шкода «Мінсктрансу» склала 356 рублёў 4 капейкі. Сведку быў паказаны відэазапіс, ён адзначыў, што ва ўказаным месцы і часе не маецца аніводнага грамадскага транспарту, руху якога мог перашкаджаць натоўп людзей. Такім чынам, дзеянні вышэйзгаданага натоўпу не нанеслі шкоды «Мінсктрансу».

Разгляд справы працягнуўся 26 сакавіка.

У судзе праглядзелі відэазапіс, які раней не адкрываўся.

Пасля гэтага адбыліся спрэчкі бакоў. Валерыя Таратынка лічыць, што непрызнанне віны Вячаславам Яльніцкім у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК — абраная стратэгія, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці за ўчынак. Паводле меркавання пракурора, віна яго даказаная ў судзе сукупнасцю сабраных па справе доказаў. Аднак прасіла выключыць з абвінавачання ўказанне пра тое, што дзеянні Яльніцкага перашкаджалі працы прадпрыемстваў.

Довады абвінавачанага аб адсутнасці ў яго дзеяннях складу злачынства ў звязку з прыцягненнем яго да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 23.34 КаАП, на думку Таратынка, не ўтрымліваюць дастатковых і прававых абгрунтаванняў. Дзяржабвінаваўца прасіла суд прызнаць Вячаслава Яльніцкага вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

Вячаслаў Яльніцкі адзначыў, што лічыць недаказаным яго намер на парушэнне грамадскага парадку і жадання надыходу грамадска небяспечных наступстваў, таксама не даказана яго нежаданне выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў АУС і знаходжанне ў першых шэрагах масавага мерапрыемства.

Пасля перапынку суд вынес рашэнне: пакараць Вячаслава Яльніцкага двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.