Мінюст вынес БАЖу папярэджанне і патрабуе да заўтра даць адказ. Офіс апячатаны
Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджанне ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Пра гэта паведамляецца ў лісце, атрыманым арганізацыяй сёння, 15 ліпеня.
![20210216_102204.jpg 20210216_102204.jpg](/img/v1/images/20210216_102204.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адметна, што само папярэджанне вынесена намеснікам міністра Сяргеем Каліноўскім 8 ліпеня. На канверце стаіць штамп адпраўкі 9 ліпеня.
![000_4.jpg 000_4.jpg](/img/v1/images/000_4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аднак трэкінг заказных лістоў Белпошты паказвае, што ліст быў прыняты ад адпраўшчыка 13 ліпеня – за дзень да атакі на офіс арганізацыі.
![222_9.jpg 222_9.jpg](/img/v1/images/222_9.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У папярэджанні гаворыцца, што ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» не прадаставіла ўсе запатрабаваныя раней дакументы, а таксама ў міністэрства ўзніклі пытанні да дамоваў для юрыдычных адрасоў некаторых філій арганізацыі. Мінюст загадвае прыняць меры па ліквідацыі парушэння, пра што праінфармаваць ведамства ўжо заўтра, 16 ліпеня.
![111_19.jpg 111_19.jpg](/img/v1/images/111_19.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сёння прадстаўнікі БАЖ паспрабавалі патрапіць у офіс арганізацыі, але ён апячатаны пячаткай МУС. Разам з тым прадстаўнікі адміністрацыі офіснага будынку расказалі, што ператрус праводзілі следчыя пры падтрымцы СОБРа.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заўтра ж збіраецца праінфармаваць Міністэрства юстыцыі аб тым, што супрацоўнікі не маюць доступу да статутных дакументаў, пячатак арганізацыі і дамоваў арэнды, пра якія вядзецца ў папярэджанні. Яны нават не ведаюць, якія рэчы былі забраныя з офісу БАЖ.
Нагадаем, што першы ператрус у офісе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прайшоў 16 лютага гэтага года. Пасля гэтага прадстаўнікоў арганізацыі некалькі разоў выклікалі на допыты ў Следчы камітэт.
21 чэрвеня стала вядома, што дзейнасць БАЖ і іншых НДА пачаў правяраць Мінюст.
Паводле baj.by