Мінюст вырашыў тэрмінова праверыць дзейнасць «Саюза беларускіх пісьменнікаў»
Раней пазапланавая праверка з боку Міністэрства юстыцыі пачалася ў дачыненні да іншых грамадскіх арганізацый — «Беларускага ПЭН-Цэнтра», «Беларускай асацыяцыі журналістаў», аб’яднанняў «Экадом», «Звяно», Руху «За свабоду», «Згуртавання беларусаў свету» і цэнтра «Трэці сэктар», адзначае «Свабода».
Міністэрства юстыцыі Беларусі праводзіць праверку дакументаў
яшчэ адной грамадскай арганізацыі — «Саюза беларускіх пісьменнікаў». Пра гэта
паведаміў сайт СБП.
У лісце начальніцы ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных
арганізацый Алены Кірычэнка, які паступіў у СБП, паведамляецца пра правядзенне
Мінюстам кантрольных мерапрыемстваў па вывучэнні дзейнасці арганізацыі «Саюз
беларускіх пісьменнікаў». У лісце запытваецца масіў дакументаў з 1 студзеня
2018 года да 1 ліпеня 2021 года па 27 пунктах, звязаных са статутнай
дзейнасцю арганізацыі. Дакументы трэба прадаставіць да 13 ліпеня.
Менавіта ў гэты дзень і прыйшоў заказны ліст ад Міністэрства
юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Дакумент №06-12 ад 06.07.2021 прайшоў пошту ў той
жа дзень і толькі 09.07.2021, у пятніцу, паводле паштовага штэмпеля, паступіў у
аддзяленне нумар 220012 (Мінск-12). Адрасат атрымаў яго раніцай 13 ліпеня.
СБП накіраваў у Міністэрства юстыцыі запыт аб працягненні тэрміну прадастаўлення інфармацыі на два дні, да 15 ліпеня 2021 года.