Моладзь БНФ распачала кампанію #goodbyetickets
Моладзь БНФ распачала кампанію ў падтрымку законапраекта, які дае права студэнтам ВНУ і каледжаў на ільготны праезд у грамадскім транспарце і цягніках унутры краіны.
Новая іныцыятыва Моладзі БНФ «Goodbye, tickets!» накіравана на распрацоўку законапраекта, які прадугледжвае 50 адсоткавую зніжку студэнтам ВНУ і каледжаў на аплату праезда ў грамадскім транспарце, а таксама ў цягніках унуры Беларусі.
Кампанія стартавала ў пачатку ліпеня. Першы яе этап — гэта збор подпісаў пад петыцыяй за прыняцце адпаведнага законапраекта. На працягу апошняга месяца валанцёры сабралі па Беларусі больш за тысячу подпісаў у падтрымку кампаніі.
«Людзі вельмі пазітыўна рэагуюць на ініцыятыву і актыўна падпісваюцца. Прычым, гэта датычыцца не толькі непасрэдна саміх студэнтаў, але і дарослых людзей, дзеці якіх зараз вучацца, а таксама старэйшых школьнікаў, якія толькі збіраюцца паступаць», — сцвярджае адказны за кампанію, сябра Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік.
«Мы ўпэўнены, што, улічваючы эканамічную сітуацыю, якая склалася ў краіне на дадзены момант, такі законапраект з'яўляецца неабходнасцю для Беларусі. Тым больш, такая практыка паспяхова выкарыстоўваецца ў некаторых суседніх краінах. На сённяшні дзень студэнты з'яўляюцца адным з самых малазабяспечаных слаёў насельніцтва. Большасць з іх не маюць магчымасці зарабляць грошы самастойна, а праязны сёння каштуе яе палова стыпендыі, таму яны з'яўляюцца вялікай фінансавай нагрузкай для сваіх бацькоў», — кажа актывістка мінскай гарадской арганізацыі Ганна Смілевіч.
На дадзены момант кампанія праходзіць у шасці гарадах краіны і паступова будзе распаўсюджвацца на ўсё большую колькасць населеных пунктаў і ў канчатковым варыянце дасягне лічбу ў 20 гарадоў. Калі дэпутаты праігнаруюць голас тысячаў людзей, то мы самі з дапамогай экспертаў распрацуем такі законапраект і будзем рознымі шляхамі дамагацца яго прыняцця.
Акрамя збору подпісаў, актывісты Моладзі БНФ збіраюцца праводзіць і іншыя мерапрыемствы. Усе навіны кампаніі будуць публікавацца пад хэштэгам #goodbyetickets . Моладзь БНФ заклікае ўсіх зацікаўленых далучацца, каб разам дамагчыся перамогі ў прасоўванні гэтага закону.
Паводле moladz.info