«Музей вольнай Беларусі» ў Варшаве збірае экспанаты
Артэфакты, звязаныя з беларускімі пратэстамі 2020 года, збіраюць у «Музеі вольнай Беларусі» ў Варшаве. Там і сукенка бчб-нявесты Іны Зайцавай.
Беларусы перадаюць у Музей па адрасе Фоксал, 11 карціны, здымкі, пратэсную атрыбутыку, асабістыя рэчы, а таксама лічбавыя копіі ўлётак, лістоў палітвязняў, паведамляе «Нямецкая хваля».
Адно з цэнтральных месцаў займае бел-чырвона-белы сцяг з імёнамі беларускіх палітвязняў, які стварыла журналістка Марыя Грыц.
Іна Зайцава, вядомая як "бчб-нявеста", падарыла музею свой знакаміты ўбор.
Барабаны і асабістыя рэчы актывіста, добраахвотніка палка Каліноўскага Васіля Грудавіка (пазыўны "Атам") перадалі яго сябры. 31-гадовы ўраджэнец Пінска, верагодна, загінуў у баі ў чэрвені 2022-га.
Таксама ў Музеі захоўваецца адзін з медалёў кікбаксёра Івана Ганіна і футболка з аўтографамі актывістаў Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці.
У экспазіцыі нямала карцін, у тым ліку твор мастачкі Анастасіі Рыдлеўскай, прысвечаны забітаму Раману Бандарэнку.
Карціну "Забітая птушка" перадаў мастак Антон Радзівонаў, ён напісаў яе ў жніўні 2020.