На беразе Свіслачы каля гатэля «Беларусь» хочуць пабудаваць забаўляльны цэнтр

На вуліцы Старажоўскай у Мінску плануюць пабудаваць забаўляльны комплекс. Чатырохпавярховы будынак вышынёй амаль 20 метраў і агульнай плошчай каля 18 тысяч квадратных метраў мае размясціцца паміж Свіслаччу і будынкам банка «Масква-Мінск».

new_b.png

На сайце адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы з'явілася паведамленне, у якім апісваецца будучы аб'ект. Жыхары Мінска могуць прыняць удзел у грамадскім абмеркаванні.
Забудоўшчыкам выступае ЗАТ «Камкон». Кампанія арандавала ўчастак яшчэ 10 гадоў таму, але толькі цяпер ўзялася за яго.

new_b_2.jpg

Кіраўніцтва «Камкона» падзялілася з «Нашай Нівай» візуалізацыямі аб'екта, архітэктурны праект якога быў зроблены кампаніяй «Вараб'ёў і партнёры».

new_b_3.jpg

У моладзевым забаўляльным цэнтры плануецца размясціць кінатэатр, рэстаран з танцпляцоўкай, летняе кафэ, більярд, канферэнц-залу, кнігарню, зону продажу сувеніраў, выставачныя залы, адміністрацыйныя памяшканні. На двух падземных узроўнях размесціцца паркінг.

new_b_4.jpg

Пакуль на месцы, дзе хутка мае распачацца будаўніцтва, знаходзіцца бункер, пабудаваны немцамі за часамі Другой сусветнай вайны. Пасля яго выкарыстоўвалі савецкія вайсковыя сувязісты. Цяпер бункер не выкарыстоўваецца і знаходзіцца ў закінутым стане.