У цэнтры Мінска прайшла малітва за Курапаты (фота)
На абвешчаную Беларускім нацыянальным кангрэсам малітву ля мінскага кафедральнага сабора прыйшло каля дзвюх сотняў чалавек. Службу вёў іераманах БАПЦ айцец Вікенці.

Яшчэ на падыходах да Плошчы Свабоды — некалькі груп па 2-3 "іхтамнетаў" (супрацоўнікаў міліцыі без апазнавальных знакаў у цывільным). Каля дванаццатай гадзіны плошча пуставатая, Катэдра ў Благавешчанне поўная. Вернікі праходзяць, не затрымліваючыся.

Яшчэ да пачатку малітвы каля дома затрымалі Міколу Статкевіча (аб гэтым паведаміла журналістам жонка палітыка Марына Адамовіч), актывістаў Андрэй Шарэнду з Брэста і Арцёма Чарняка (па інфармацыі Яўгена Афнанеля). Напярэдадні была затрымана Вольга Нікалайчык і Максім Вінярскі. За кратамі застаецца Павел Севярынец.
Паступова збіраюцца тыя, хто будзе маліцца за Курапаты. У храм не ўбіцца, вырашылі шыхтавацца на вуліцы. Людзі разгортваюць сімволіку: адзін б-ч-б сцяг лунае ў паветры, адзін дзяўчына завязала на плечы, трымаюць сцяг з выявай Пагоні. Разгарнулі сцягі з гербам Мінска, харугву з Маці Божай.
Незалежных назіральнікаў падчас малітвы не было. Візуальна колькасць удзельнікаў — каля 200 чалавек. Супрацоўнік міліцыі ў форме абвяшчае, што "сабранне несанкцыянаванае". Людзі крычаць, што на малітву дазвол не трэба.
Службу вядзе іераманах Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Вікенці. Вернікі трымаюць абразы, знічкі, папяровыя крыжы.

Пасля службы паціху разыходзяцца. Міліцыянты ў цывільным "вядуць" актывістаў, што трымалі сімволіку, але тыя паспяхова дабіраюцца на малітву ў Курапаты.
Фота Алены Ляшкевіч