Партыя БНФ асудзіла акт дзяржаўнага вандалізму ў Курапатах

Сойм Партыі БНФ 6 красавіка прыняў палітычную заяву наконт сітуацыі ў Курапатах.

Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк


«Знішчэнне крыжоў, якія былі пастаўленыя людзьмі ў памяць пра закатаваных ахвяраў камуністычнага рэжыму, несумяшчальнае з нормамі хрысьціянскай маралі. Здзек з памяці ахвяраў генацыду, цынічны і бессаромны вандалізм выканаўцаў і надзеленых уладай аўтараў злачыннага загаду — палягае па-за межамі агульначалавечых уяўленняў пра тое, што ёсць дабро і што ёсць зло», — адзначаецца ў заяве.
Партыя БНФ рашуча асуджае акт дзяржаўнага вандалізму ў Курапатах. Мемарыялізацыя Курапатаў ужо здзейсненая грамадствам — і пры планаванні наступных захадаў дзяржава абавязаная зыходзіць з гэтага факту. У адваротным выпадку дзяржаўная мемарыялізацыя ператворыцца ў новае злачынства.
Дзеянні дзяржавы ў Курапатах «прымушаюць падазраваць, што цяперашняя актыўнасць можа быць пачаткам яшчэ большага злачынства і замахам на знішчэньне ўсяго Народнага Мемарыялу».
Партыя БНФ патрабуе ад уладаў:
Спыніць знішчэнне крыжоў і іншых элементаў Народнага мемарыялу ў Курапатах, вярнуць ужо вывезеныя крыжы на ранейшае месца і ўсталяваць іх нанова.
Прыпыніць усе дзеянні па дзяржаўнай мемарыялізацыі ў месцы гісторыка-культурнай каштоўнасці, а надалей усе працые па дзяржаўнай мемарыялізацыі ў Курапатах рабіць толькі пасля папярэдняга абмеркавання і ўхвалення прызнаных грамадскіх структураў, якія дзесяцігоддзямі апякуюцца аховай святыні.
Правесці інвентарызацыю ўсіх крыжоў і іншых элементаў Народнага мемарыялу для ўключэння іх у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Распрацаваць прынцыпы і канцэпцыю дзяржаўнай мемарыялізацыі Курапатаў у супрацы з кампетэнтнымі грамадскімі структурамі, у тым ліку ў першую чаргу з грамадскай дырэкцыяй Народнага мемарыялу Курапаты, ініцыятывай "Эксперты ў абарону Курапатаў", Таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры ды іншымі кампетэнтнымі і прызнанымі арганізацыямі.
Спыніць дзейнасць забаўляльнай установы каля Курапатаў.
Спыніць пераслед актывістаў і валанцёраў, якія абараняюць Курапаты ад вандалаў, расследаваць ўсе выпадкі знішчэння ці пашкоджання знакаў памяці, у тым ліку апошнія злачынствы, звязаныя з апаганьваннем знака памяці ад амерыканскага народу і ўсталяванага ў мінулым годзе дзяржаўнага знаку.
Абнародаваць і ўвекавечыць імёны ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў, назваць імёны выканаўцаў рэпрэсіяў і стварыць умовы для высвятлення ўсіх абставінаў трагедыі ў Курапатах для ўсіх даследчыкаў.
Партыя БНФ заклікае грамадзянскую супольнасць не спыняць ціску на ўлады дзеля прадухілення новых злачынстваў на месцы бальшавіцкіх рэпрэсіяў.