На беларускую мову ў Слонімскім райвыканкаме не хапае тэхнічных мажлівасцяў
Жыхар Слоніма Іван Шэга атрымаў адказ са Слонімскага райвыканкама за подпісам старшыні райвыканкама Алега Таргонскага.
Адказ спадар Шэга атрымаў на сваё пытанне-просьбу наконт сайта Слонімскага райвыканкама, які працуе толькі на рускай і ангельскай мовах.
Спадар Шэга напісаў і спытаў у Алега Таргонскага, чаму немагчыма атрымаць патрэбную інфармацыю на роднай беларускай мове на афіцыйным сайце – гэта наўпрост дыскрымінуе беларускамоўнае насельніцтва Рэспублікі Беларусь.
“Зыходзячы з гэтага, я звяртаюся да Вас з прапановай выправіць сітуацыю і прымусіць адміністратараў сайта зрабіць беларускамоўны варыянт усіх матэрыялаў на афіцыйным сайце Слонімскага райвыканкама”, — напісаў Іван Шэга.
У сваім адказе старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі паведаміў: “На дадзены час тэхнічныя магчымасці сайта райвыканкама не дазваляюць падтрымліваць адначасова тры мовы. Як Вы заўважылі ў сваім звароце, руская мова таксама з’яўляецца дзяржаўнай і, улічваючы найбольш частае яе выкарыстанне жыхарамі нашага раёна для зносін, на сайце выкарыстоўваецца менавіта яна. Выкарыстанне ж ангельскай мовы абгрунтоўваецца тым, што яна лічыцца міжнароднай і забяспечвае найбольш шырокі доступ да апублікавання на старонках сайта інфармацыі для замежных наведвальнікаў, што спрыяе пашырэнню міжнародных зносін і турызму…”.
Як вынікае з адказу, на беларускую мову ў Слонімскім райвыканкаме не хапае тэхнічных мажлівасцяў.
Вольга Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя