«Не дадуць спакойна адседзець тэрмін»: Маці Ягора Дуднікава просіць РФ забраць сына з беларускай турмы

Маці палітвязня з расійскім грамадзянствам Ягора Дуднікава спадзяецца на дапамогу ўладаў РФ, каб перавесці сына ў беларускай турмы ў расійскую. Юлія Дуднікава просіць Мінюст скарыстацца дамовай з Беларуссю, паводле якой можна перадаць асуджанага ў родную краіну для далейшага адбывання пакарання.

jahor_dudnikau.jpg


Маці Ягора Дуднікава просіць Мінюст Расіі ды расійскую амбасаду ў Мінску хадайнічаць пра перавод сына ў Расію для далейшага адбыцця пакарання, паведамляе «Еўр*радыё».
Ягор Дуднікаў асуджаны на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 22-гадовага хлопца асудзілі за агучку пратэсных ролікаў у Беларусі ў 2020-м годзе. Яго прызналі вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: распальванне варожасці і заклікі ў інтэрнэце да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі.
Пасля пераводу ў калонію становішча Дуднікава, як высветліла Бі-Бі-Сі, пагоршала. Адміністрацыя калоніі неаднаразова карала яго за парушэнні правілаў і ў выніку дамаглася яго пераводу ў турму. Крыніца, знаёмая са справай Дуднікава, мяркуе, што такім чынам КДБ помсціць палітвязню за яго публічныя заявы пра выбіванне прызнальных паказанняў пасля арышту ў траўні 2021-га.
Юлія Дуднікава просіць Мінюст Расіі скарыстацца дамовай з Беларуссю, якая дазваляе перадаваць асуджаных у іх родную краіну для далейшага адбывання пакарання.
Па словах маці, у калоніі Ягор планаваў запісацца ў розныя гурткі, але яму адмовілі. "Сталі ўстаўляць палкі ў колы і чапляцца да ўсякага глупства: пыл не так выцер, не так устаў, не так сеў. І ў выніку ўсё запісвалі ў парушэнні, казалі пісаць тлумачальныя. Ён пісаў іх, каб не ісці на канфлікт, а па факце яны павярнуліся супраць яго", — распавядае жанчына.
Яна ўпэўненая, што сына пераследуюць за "палітычны" артыкул. Юлія Дуднікава лічыць, што сыну не дадуць спакойна адседзець тэрмін і будуць пастаянныя дачэпкі: "Нават калі ён адседзіць тры гады ў турме, прыдумаюць нешта іншае".
Спярша сям'я хацела падаваць прашэнне аб памілаванні. Аднак пасля таго, як Ягору ў калоніі налічылі парушэнні, шанцаў на памілаванне не засталося.
Калі расійскія ўлады згодзяцца дапамагчы Дуднікаву і яго перавядуць у Расію, адбываць тэрмін ён будзе ў калоніі, а не ў турме.


Нагадаем, як пісаў НЧ, 27 снежня 2021 года Ягору Дуднікаву агучылі прысуд — 11 гадоў калоніі. І гэта амаль максімальна магчымае пакаранне. Такі прысуд у Мінскім гарадскім судзе вынес суддзя Сяргей Хрыпач.
Ягора Дуднікава затрымалі 4 траўня ў Мінску, моцна збілі і катавалі, пра што ён сам распавёў. Сем месяцаў хлопца ўтрымлівалі ў СІЗА па ч. 1 арт. 342 КК праз тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім. Але асудзілі Ягора зусім па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).
Маці Ягора адразу пасля вынясення прысуду здзівілася, што голас сына ў судзе "прызналі зброяй". "Але ён пасмяяўся над гэтым, — дадала тады жанчына. — Ягор вельмі спадзяецца вярнуцца ў Расію, як і мы. Пра тэрмін ён стараецца не думаць, бо гэта вельмі страшная лічба".