«Не выціскай са свайго жыцця радасць». Як ратавацца ад дэпрэсіі «кавіднай» восенню і зімой

Чакаецца, што гэтай зімой пандэмія ўзмоцніць дэпрэсію ў людзей, якія цярпяць ад сіндрому пад назвай сезонны афектыўны разлад (SAD), піша амерыканская газета The New York Times.

1000_545_1602234861_1846.jpg

Людзі з гэтым сіндромам кожную восень, калі светлавы дзень у паўночным паўшар’і скарачаецца, пачынаюць адчуваць дэпрэсію, якая адступае вясной.
Паводле ацэнак доктара Нормана Разэнталя, псіхіятра, які ўпершыню выявіў гэты сіндром ў 1980-х гадах, а затым распрацаваў эфектыўнае лячэнне, прыкладна ў пяці працэнтаў насельніцтва — адзін чалавек з дваццаці — назіраецца поўнамаштабны сіндром SAD.
Таксама доктар Разэнталь паказаў, што ў тры разы больш людзей маюць мякчэйшую версію SAD, якую звычайна называюць «зімовай хандрой». Гэты стан адымае энергію і жыццёвы энтузіязм.
За выключэннем сезоннага характару, сімптомы SAD падобныя да сімптомаў клінічнай дэпрэсіі: ўсёпранікальны смутак, празмерная стомленасць, цяжкасці з канцэнтрацыяй увагі, празмерны сон, страта цікавасці да звычайных заняткаў, цяга да мучных і салодкіх прадуктаў, што выклікае павелічэнне вагі.
Звычайна сімптомы SAD цалкам знікаюць летам, кажа прафесар псіхалогіі Кэлі Рохан, але «ўлетку 2020 года мы не назіралі поўнай рэмісіі ў нашых пацыентаў. Пры такіх вялікіх стрэсах яны выходзяць за рамкі сезоннай мадэлі». Гэта паказвае на накладанне стрэсу ад пандэміі на ўжо наяўныя псіхалагічныя праблемы чалавека. Таму доктар Рохан асцерагаецца, што неспакой і стрэс, выкліканыя пандэміяй, павялічаць рызыку і цяжар зімовай дэпрэсіі для ўсіх.
Аднак доктар Разэнталь кажа, што простае разуменне праблемы можа даць людзям план для больш эфектыўнага іх вырашэння. Паводле яго слоў, найбольш карысным для людзей з SAD можа быць уздзеянне сонечнага святла або яго штучнага эквіваленту на працягу 20-30 хвілін кожную раніцу.
Доктар Разэнталь аддае перавагу натуральнаму сонечнаму святлу ў параўнанні з камерцыйнай святлатэрапіяй.
На яго думку, вырашальнае значэнне мае спалучэнне фізічных практыкаванняў і вулічнага асвятлення. Доктар лічыць, што гэта злучае людзей з навакольным асяроддзем — не толькі са святлом, але і з птушкамі, дрэвамі, жывёламі, наваколлем — усё гэта можа дзейнічаць як проціяддзе ад кокану ізаляцыі.
«Не выціскай са свайго жыцця радасць, — рашуча кажа доктар Разэнталь. — Яна павінна быць кожны дзень. Гэта папярэдняе ўкладанне, якое добра акупляецца».
Доктар прапануе браць урокі анлайн, навучыцца рабіць упрыгажэнні, маляваць або граць на музычных інструментах. Таксама вельмі важна заставацца на сувязі з людзьмі, напрыклад, прызначаць спатканне за абедам з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі або запрашаць адно аднаго на каву ці гарбату.
Доктарка Рохан кажа: «Цяпер як ніколі важна прымусіць сябе працягваць займацца тым, што вам падабаецца, і заставацца на сувязі з людзьмі як мага даўжэй. Паступіць інакш — гэта верны шлях да катастрофы».
Калі асабістыя кантакты не працуюць, можна выкарыстоўваць тэлефон, каб заставацца на сувязі з блізкімі людзьмі.
Яшчэ адна каштоўная парада — усталяваць і падтрымліваць графік, робячы нешта ў больш-менш устаноўленым парадку кожны дзень. Трымацца рутыны ў «кавідную» зіму — не горшы варыянт.
«Захаванне структуры вашага дня, — кажа доктар Разэнталь, — вельмі важнае для падтрымання цыркадных рытмаў. Сон становіцца мацнейшым, і гэта карысна для псіхалагічнага здароўя».
Паводле Радыё Свабода