Лукашэнка: «З'ехаў — назад не вернешся»

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб супрацьдзеянні распаўсюджванню вірусных інфекцый загадаў ураду не пускаць у краіну беларускіх лекараў, якія з'язджаюць лячыць хворых COVID-19 у Польшчу. Відэа з яго заявай апублікаваў блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул Першага».


«Мы бачым вялікую ўспышку захворвання, асабліва ў суседняй Польшчы. Вы ведаеце, што літаральна два дні таму яны пачалі па ўсім свеце збіраць лекараў і іншы медыцынскі персанал, каб аказваць дапамогу людзям. Вось і ўся казка пра прыгожае жыццё. І асабліва просяць нашых лекараў прыехаць у Польшчу для таго, каб дапамагчы насельніцтву і дзяржаве ў барацьбе з ковідам", — сказаў Лукашэнка
Па словах Лукашэнкі, "лішніх лекараў у нас няма", таму "нам самім трэба лячыць сваіх людзей". Пры гэтым, кажа ён, трымаць медыкаў у краіне супраць іх волі не будуць. Адразу пасля гэтага Лукашэнка загадаў ураду не ўпускаць такіх лекараў назад.
«Але, кіруючыся сваім прынцыпам, мы нікога трымаць не будзем. Але трэба разумець: з'ехаў — назад не вернешся. Там будзеш працаваць і зарабляць тыя вялікія грошы, за якімі ты з'ехаў. Гэта не пагроза — гэта загад для ўрада. Таму ўсіх трэба ставіць на месца. Нікому не перашкаджаючы, у выпадку, калі ён хоча вялікага рубля, або ў яго вочы пазелянелі ад валюты», — сказаў ён.