Данія знішчыць усіх сваіх норак на пушных фермах праз каронавірус

Данія знішчыць усіх норак, якія вырошчваюцца на пушных фермах краіны — гэта ад 15 да 17 мільёнаў. Высветлілася, што ў хворых жывёл каронавірус мутаваў і можа перадавацца да людзей.

04dcca4_minks_spread_coronavirus_04.jpg


Пра гэта заявіла прэм'ер-міністр краіны, піша "Еўрапейская праўда" са спасылкай на  Reuters.
Праведзенае даследаванне паказала, што штам віруса, выяўлены ў норак і людзей, якія заразіліся ад іх, мае паніжаную адчувальнасць да антыцелаў і патэнцыйна можа быць больш устойлівым да будучай вакцыны.
"Мы адказныя перад сваімі грамадзянамі, але пасля таго, як мы ведаем аб гэтай мутацыі, мы яшчэ больш адказныя перад усім светам. Вірус, які мутаваў ў норках, можа паставіць пад пагрозу эфектыўнасць будучай вакцыны", — заявіла Метэ Фрэдэрыксен.
Паводле яе слоў, вынікі даследаванняў, якія праводзіліся дацкімі органамі па кантролі за інфекцыйнымі захворваннямі, ужо перададзеныя ў Сусветную арганізацыю аховы здароўя і Еўрапейскі цэнтр па папярэджанні і кантролю захворванняў.
Да аперацыі па масаваму знішчэнню жывёл прыцягнуць паліцыю і войска. У раёнах на поўначы краіны, дзе размешчана нямала норкавых ферм, дадаткова ўзмоцняць каранцінны кантроль і адсочванне кантактаў.
Данія ўжо каля паўгода спрабавала змагацца з успышкамі каронавіруса на норкавых фермах. У канцы кастрычніка пачалі выбракоўку 2,5 мільёнаў норак на поўначы краіны пасля таго як каронавірус быў зарэгістраваны прынамсі на 63 фермах.
Данія з'яўляецца адным з найбуйнейшых экспарцёраў футра норкі ў свеце. На долю кааператыва Kopenhagen Fur, які аб'ядноўвае 1500 дацкіх заводчыкаў, прыходзіцца 40% сусветнай вытворчасці норкі. Большая частка яго экспарту ідзе ў Кітай і Ганконг.