Новыя патрабаванні ў Беларусі: сацыяльная дыстанцыя, абмежаванні на масавыя імпрэзы

5 лістапада дзяржаўны прававы партал апублікаваў скарэктаваныя правілы для прадухілення пашырэння каронавірусу ў Беларусі, піша Свабода.

mouth_nose_protection_5433834_1280.png


Пастанова № 92 Міністэрства аховы здароўя ад 30 кастрычніка скарэктавала патрабаванні да арганізацыі і правядзення супрацьэпідэмічных захадаў у сувязі з пашырэннем COVID-19. Удакладнены патрабаванні для арганізацый аховы здароўя і аптэк, аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, прамысловых прадпрыемстваў. Апісаны санітарна-супрацьэпідэмічныя патрабаванні для асобаў у самаізаляцыі.
Сярод патрабаванняў:

  • недапушчэнне ў працоўны калектыў асобаў з прыкметамі рэспіратарнай інфекцыі;
  • штодзённая вільготная прыборка і санітарныя перапынкі;
  • працадаўца мусіць забяспечыць сацыяльную дыстанцыю (1−1,5 метра) і антысептычныя сродкі;
  • праверка спраўнасці вентыляцыйных сістэм;
  • забарона такіх масавых акцый, як рэкламныя кампаніі, дэгустацыі;
  • абмежаванне колькасці наведнікаў музеяў, кінатэатраў, актавых заляў, спартовых аб’ектаў (басейнаў, спартовых залаў). Размяшчэнне дапушчаных удзельнікаў з улікам сацыяльнай дыстанцыі;
  • абавязковае нашэнне масак для студэнтаў і выкладчыкаў. Калі 30% ад агульнай колькасці навучэнцаў захварэлі, мясцовыя ўлады мусяць разгледзець пытанне пра прыпыненне навучання.
  • абавязак насіць маскі для асобаў на самаізаляцыі, забарона пакідаць месца пражывання без крайняй неабходнасці.

У дакуменце прапісалі клінічныя паказанні, па якіх людзей павінны абавязкова агледзець на COVID-19. Такіх крытэрыяў некалькі:
сухі кашаль з невялікай колькасцю цяжкаадзяляемай макроты, адчуванне здушэння, цяжар у грудной клетцы, дыхавіца, ліхаманка, слабасць, парушэнне смаку і нюху, боль, пяршэнне ў горле, кан'юктывіт, галаўны боль, дыярэя, сып, міалгія пры наяўнасці эпідэміялагічнага анамнезу на магчымасць заражэння інфекцыяй COVID-19; паражэнне лёгачнай тканіны з наяўнасцю сімптому "матавага шкла", выяўленыя па выніках камп'ютарнай тамаграфіі; станоўчы вынік лабараторнай дыягностыкі на інфекцыю COVID-19.
Пастанова ўступіла ў сілу з 5 лістапада.