«Незалежнасць» — гэта годнае слова. За што судзіць?

Прыхільнікаў незалежнасці з Наваполацка аштрафавалі на 1620 рублёў.

2020_01_24_lipka_polacksud_f1_1.jpg

У Полацку і Наваполацку праходзяць суды над удзельнікамі акцыі за незалежнасць Беларусі. 4 студзеня паўтара дзясяткі палачанаў і навапалачанаў сфатаграфаваліся каля Сафійскага сабору, склаўшы з раздрукаваных на паперы літар слова «Незалежнасць». Некалькі чалавек трымалі бел-чырвона-белыя сцягі.

Фотаздымкі з’явіліся ў сацыяльных сетках, потым на незалежных сайтах, і 14 студзеня міліцыянты пачалі шукаць удзельнікаў акцыі і складаць на іх пратаколы.

2020_01_24_lipka_polacksud_f2_kasach.jpg

Жыхара Наваполацка Юрыя Касача выклікалі ў суд. Але ён заявіў, што не шкадуе пра свой учынак:

— Я ганаруся, што я так стаяў! І што за гэта могуць пакараць, таксама ведаў. Але не думаў, што цяпер, калі нам цяжка ўсім, калі нам патрэбна яднацца, яны на гэта пойдуць. А яна пайшлі! Але наша справа – гэта незалежнасць Беларусі, і я таксама там быў.

Юрыя Касача, Ігара Валяева і Яўгена Парчынскага суддзя Зінаіда Балаболава пакарала штрафамі памерам 10 базавых велічынь (270 рублёў). Андрэя Зуева аштрафавалі на 30 базавых велічынь (270 рублёў). Суддзя Віталь Лапко ўлічыў тое, што Зуеў сёлета ўжо быў пакараны за акцыю з бел-чырвона-белым сцягам у Дзень Волі.

 

2020_01_24_lipka_polacksud_f3_ahlushevich.jpg

Жыхарка Полацка Святлана Аглушэвіч таксама атрымала выклік у суд, але ісці туды адмовілася:

— Навошта ісці, калі я не лічу сябе вінаватай? Кожны чалавек мае права на выказванне свайго меркавання. Мы нікога не абразілі, не прынізілі, парадку не парушалі, усё было ціха і мірна. «Незалежнасць», я лічу, гэта годнае слова. За што судзіць, нават не ведаю.

Святлана Аглушэвіч і Вячаслаў Парчынскі будуць чакаць, пакуль судовыя пастановы ім дашлюць па пошце. Астатнія ўдзельнікі акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі позваў у суд пакуль не атрымалі.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя