Алесь Чахольскі: У міліцэйскай сістэме ёсць сапраўдныя садысты

Пасля судоў за ўдзел у акцыях у абарону незалежнасці ўпершыню за 20 гадоў за краты трапіў кіраўнік Грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыялу Курапаты Алесь Чахольскі. Ён распавёў «Новаму Часу», з чым яму давялося сутыкнуцца падчас адбывання арышту.

vandrouka_czarnjauski_dzijana_seradzjuk__26__logo.jpg

Алесь Чахольскі

Выкралі, калі прыехаў праверыць пошту

26 снежня Алесь Чахольскі заехаў на сваю старую адрэсу, па якой ён ужо год як не жыве, каб праверыць пошту. Калі падыходзіў, заўважыў у двары сіні бусік.
— Раптам шэсць чалавек акружаюць мяне, з іх чацвёра ў цывільным і двое ў форме АМАПу. Яны не прадстаўляліся, не паказвалі пасведчанняў, сказалі «пройдёмте» і пасадзілі мяне ў бусік. Прымусілі адключыць тэлефон, таму я не змог нікому пазваніць і сказаць, што мяне затрымліваюць. Мяне фактычна выкралі! — перакананы Алесь Чахольскі.
Актывіста прывезлі ў Цэнтральнае РУУС Мінска і паведамілі, што на яго складзеныя тры пратаколы: за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 20 снежня і за заклік да несанкцыянаванага мерапрыемства, а таксама за ўдзел у мітынгу 21 снежня. На што Чахольскі напісаў, што ў ніякіх несанкцыянаваных мерапрыемствах не ўдзельнічаў, а выконваў свой грамадзянскі абавязак — бараніць дзяржаву, згодна артыкулу 57 Канстытуцыі. Таксама ў міліцыі актывіст даведаўся, што затрымлівала яго група другога ўзвода палка АМАП ГУУС Мінгарвыканкама пад кіраўніцтвам капітана Пачценнага. Пратаколы былі складзеныя маёрам Усікам, рапарт складаў маёр Шантыр. Усіх іх Алесь Чахольскі папярэдзіў пра тое, што яны парушаюць артыкул 356.2 Крымінальнага кодэкса Беларусі (здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай).
У РУУСе Алесь Чахольскі сустрэўся з затрыманым маладафронтаўцам Максімам Урбановічам, на якога таксама складалі пратакол. Потым, каля дзясятай вечара, іх завезлі ў Ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна, дзе яны правялі ноч.
На наступны дзень а 5-ай раніцы Чахольскага з Урбановічам зноў павезлі ў Цэнтральнае РУУС і закінулі ў вузкую камеру — так званы «стакан», дзе давялося праседзець да дзесяці гадзін раніцы.
— Цягам двух сутак мы нічога не елі і не пілі вады — гэта катаванні, — зазначае Алесь Чахольскі.
Апроч гэтага грамадскі дырэктар Народнага мемарыяла Курапаты зведаў і іншыя здзекі з боку міліцыянтаў. Напрыклад, калі з РУУСа актывістаў збіраліся везці ў суд, адзін прапаршчык надзеў на кожнага з іх кайданкі, а потым яшчэ аднымі кайданкамі скаваў іх паміж сабой.

— Мы нават не маглі сесці ў бус, і адзін АМАПавец спытаў, хто нам так надзеў гэтыя кайданкі. Па тым прапаршчыку бачна было, што ён кат, яму гэта прыносіла задавальненне, і ён там не адзін такі.

Без права на абарону

У суд Цэнтральнага раёна Чахольскага з Урбановічам прывезлі аб 11-ай гадзіне. Спачатку Алеся Чахольскага судзіла вядомая па жорсткіх палітычных прысудах Вікторыя Шабуня. Актывіст запатрабаваў весці працэс па-беларуску і даў ёй адвод, бо яна толькі асоба, якая займае пасаду суддзі, паколькі справядлівага суда ў нас няма. Аднак хадайніцтва і адвод Шабуня адхіліла. Тады Чахольскі хадайнічаў аб перапынку ў судзе, каб можна было заключыць дамову з абаронцам. Але замест гэтага да яго сталі выклікаць дзяжурных адвакатаў. На кожны з трох працэсаў Чахольскаму прадаставілі па два адвакаты, але ўсім ён заявіў адвод.
— У выніку Шабуня, парушыўшы заканадаўства, пазбавіла мяне права на абарону, адхіліўшы хадайніцтва аб пераносе суда. Нават дзяжурная абаронца не вытрымала і сказала, што просіць задаволіць хадайніцтва. Але працэс пайшоў. Падчас яго я не ўставаў і папярэдзіў, што ўсе тыя, хто мяне затрымліваў, складаў пратаколы і судзяць — здрайцы, і ўсё гэта запісана ў пратаколе пасяджэння.
Супраць Алеся Чахольскага сведчылі міліцыянты Бахановіч і Сувораў, якія абвінавачвалі яго ў выкрыкванні лозунга «Жыве Беларусь!».
— Я задаў пытанне, ці ведаюць яны, хто напісаў гэта — «Жыве Бларусь!»? Яны адказалі, што не ведаюць. Тады я кажу: «Янка Купала. А вы ведаеце, хто такі Янка Купала?» — «Не, не ведаю».
У выніку Вікторыя Шабуня прысудзіла Алесю Чахольскаму 15 сутак арышту.
У той дзень Алеся Чахольскага трымалі ў судзе цягам шасці гадзін. Наступныя два працэсы вялі Юлія Густыр і Іван Касцян. Заяўленыя Чахольскім адводы яны не задаволілі, затое вялі пасяджэнні па-беларуску. Што не перашкодзіла ім выпісаць актывісту два штрафы па 30 базавых велічынь кожны.

Паход у душ — толькі дзякуючы «палітычным»

Пасля судоў Алеся Чахольскага разам з Максімам Урбановічам прывезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна для адбывання арышту, дзе размясцілі іх у розныя камеры. У Чахольскага забралі рэчы, асадку, паперу. Дазволілі ўзяць толькі кнігі.
 Я «заехаў» у тыя ж камеры, у якіх сядзеў у 1997, 1998 і 1999 гадах за мітынгі. Умовы палепшыліся за 20 гадоў толькі ў некалькіх пунктах: ужо няма «сцэны», а з’явіліся ложкі, прыбіральня адгароджаная, а ў кране ёсць гарачая і халодная вада, — зазначыў актывіст.
Пасля судоў яму стала дрэнна, і ў ЦІП выклікалі хуткую, бо падняўся ціск. Праз гадзіну да Чахольскага падсяліла бяздомнага з вакзалу Валеру, які правёў на Акрэсціна 50 сутак запар.
Па словах Алеся Чахольскага, кожную раніцу ў камерах праводзілі вобшукі, даглядалі і зняволеных. Ён запатрабаваў паперу і асадку, каб напісаць скаргу на пастановы суда, а таксама магчымасць аплаціць пошліну на яе. Але гэтыя патрабаванні былі праігнараваныя.
— Далі два маленькія кавалкі гаспадарчага мыла, павінны былі таксама даць туалетную паперу, станок для галення, але не далі. Пры тым, што нават у турмах і СІЗА даюць без пытанняў. За 15 сутак я ні разу не бачыў ніякіх дызенфекцыйных сродкаў для прыборкі камеры. Толькі на чацвёртыя суткі, калі мне перадалі перадачу, уся камера жыла ёй, — зазначыў актывіст.
Таксама зняволеных павінны былі штодня не менш чым на гадзіну выводзіць на прагулку, па факце ж гуляць дазвалялі каля 20 хвілін. Паветра ў камеры не хапала, выцяжка працавала дрэнна. За час зняволення Алесь Чахольскі змяніў чатыры камеры, і кожны раз спаць даводзілася на старых матрасах і падушках, на якіх ужо немаведама хто спаў.
— Толькі на восьмы дзень, калі мы з бяздомным Валерам ішлі з прагулкі, нам прапанавалі прыняць душ і памяняць пасцельную бялізну. Той ледзь прытомнасць не страціў, бо пачуў такую прапанову ўпершыню за 50 сутак. І гэта толькі таму, што быў я. Чалавек павінен выйсці з сутак зарослы і смярдзючы — вось такое прыніжэнне, — мяркуе Алесь Чахольскі.
За час свайго арышту Алесь Чахольскі сустрэў людзей розных лёсаў. Большасць з іх трапілі на Акрэсціна праз гарэлку і побытавыя канфлікты, і правы кожнага з іх парушаліся супрацоўнікамі ЦІП. Пачынаючы ад таго, якім чынам людзей затрымліваюць і кідаюць у вязніцы, пазбаўляюць рэчаў, саджаюць у адну камеру крымінальшчыкаў і адміністрацыйшчыкаў, да прымусу зняволеных прыбіраць не толькі свае камеры, але і іншыя памяшканні ЦІП і псавання маёмасці і адзення вязняў. Здзекі, знявага, перавышэнне службовых паўнамоцтваў адбываюцца на кожным кроку.
— Людзі для іх — быдла, — перакананы Алесь Чахольскі. — У гэтай сістэме ёсць супрацоўнікі, якія выконваюць пэўныя чалавечыя і маральныя нормы, а ёсць садысты.
10 студзеня, за гадзіну да заканчэння тэрміна арышту, Алеся Чахольскага вывезлі ў Фрунзенскае РУУС, на камеру зачыталі і патрабавалі падпісаць паперу, што ён папярэджаны і абавязуецца не прымаць удзелу ў несанкцыянаваных акцыях. Актывіст патлумачыў, што рабіў тое, што яму загадвае Канстытуцыя яго краіны. Пасля вызвалення ён падаў скаргі на прысуды і на ўмовы ўтрымання ў ЦІПе.