Някляеў: «Я не веру, што Беларусі не стане»

«Тое, што цяпер адбываецца з намі, яшчэ нядаўна немагчыма было ўявіць», — напісаў Уладзімір Някляеў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

05_izmor.jpg

Дзяды.

Сёння яны для мяне не толькі народная традыцыя, дзень памяці продкаў. Яны — тое сапраўднае, што яшчэ застаецца ад Беларусі, абрысы якой, як сказаў мне днямі адзін з даўніх маіх сяброў, усё болей ілюзорныя.

Я не веру, што Беларусі не стане. Бо ведаю, што яна будзе. Калі нават згубіць, як ужо губляла, межы, ці страціць прыкметы дзяржаўнасці, дык будзе сама ў сабе. І зноў знойдзе свае межы, як змяя новую скуру.

Генетычна яна — вельмі моцнае ўтварэнне. Менавіта таму як яе ні знішчаюць — знішчыць не могуць.

Іншая рэч, што невыносна глядзець, як завіхаюцца, каб знішчыць. І калі б толькі чужыя. Свае, якія праз тое, што свае, чужэйшыя за чужых.

Тое, што цяпер адбываецца з намі, яшчэ нядаўна немагчыма было ўявіць. Яшчэ нядаўна, калі сыходзілі мае старэйшыя сябры, Караткевіч, Стральцоў, Быкаў, Барадулін, Бураўкін, — як мне было шкада! “Як заўчасна, — адчайна думаў я над іх магіламі, — як заўчасна!” А цяпер думаю, што ў час… І нават зайздрошчу ім, што яны не бачаць…

Бо невыносна.

Але трэба трываць. А каб трываць — помніць. Не забываць пра тое, што яны былі, аралі, сеялі, пісалі — і ты ім абавязаны. І проста мусіш рабіць тое, што ўмееш рабіць найлепей. Бо як у даўніне, гэтак і ў будучыні, толькі ў найлепшым яна невынішчальная — наша Беларусь.


Мне раптам стаў нямілы родны кут.І я б забыў, што нарадзіўся тут, Каб даў мне Бог забыць, каб разлюбіць даў сілыПагорак той, дзе продкавы магілы,Дзе хутка ўжо і мне на Божы суд.
Я ведаю, што я на тым судзеСкажу. Што я нікому і нідзеНе здрадзіў, што ў крыві не вінаваты… А Бог спытае: «Не прадаў ты брата?Сястру сваю не кінуў ты ў бядзе?»
Я б адказаў, што не!.. Калі б Ён сілы даўЗмагчы той жах, што нада мной паўстаў,Нянавісць, што, як пыл, любоў з зямлі змятае!..
Ён ведае, што я не прадаваў.Я ведаю, чаму Ён так спытае.