Новыя правілы грамадскага транспарту: пасажыр без квітка абавязаны уваходзіць праз пярэднія дзверы

«Хочаш набыць квіток — зайдзі ў пярэднія дзверы» — пра гэтыя ды іншыя змены для пасажыраў і кіроўцаў грамадскага транспарту, якія адбудуцца з 12 кастрычніка, распавёў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай новай рэдакцыі Правіл аўтамабільных перавозак пасажыраў, Сяргей Дубіна, начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтранса Беларусі.

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Саўмін Беларусі ўнёс змяненні і дапаўненні ў Правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў, папярэдняя рэдакцыя якіх была зацверджана ў 2008 годзе. Абноўлены дакумент быў апублікаваны на нацыянальным прававым партале Беларусі і ўступае ў сілу 12 кастрычніка 2018 года. Новаўвядзенні накіраваны на фарміраванне больш зразумелых ўмоваў працы на рынку транспартных паслуг і павышэнне якасці і бяспекі перавозак.
Па заяве прадстаўніка Мінтранса, у новай рэдакцыі правіл глабальна нічога не памянялася — былі ўзаконеныя тыя паняцці, якія перавозчыкі ўжо даўно выкарысталі. А вось у частцы змянення правоў і абавязкаў пасажыраў грамадскага транспарту ёсць шмат навін.
— Зараз пасажыр, які не мае праязнога білета, але мае намер яго купіць у кіроўцы, павінен заходзіць у пярэднія дзверы транспартнага сродку, — адзначыў Сяргей Дубіна. — Адказнасці за парушэнне гэтага правіла няма, але калі такі чалавек зайшоў на заднюю пляцоўку ў гадзіну пік, то кантралёр можа яго аштрафаваць. Довады, што пасажыр проста не паспеў прайсці да кабіны, каб набыць квіток, не будуць прынятыя як апраўдальныя.
Таксама ўводзіцца абавязак пасажыраў пры ўваходзе ў транспартны сродак прыкладаць да валідатара электронны білет. У будучыні, калі будзе ўведзеная сістэма аплаты праезду за адлегласць, прыкладаць білет давядзецца і на выхадзе.
Правоў у пасажыраў грамадскага транспарту стане таксама больш. Напрыклад, можна будзе правозіць у салоне даўгамерныя прадметы, вуды, упакаваны садовы інвентар, музычныя інструменты ў футарале, інвалідныя вазкі, мыліцы і іншыя прадметы. Са згоды перавозчыка дазволяць перавозіць ровар у неразабраным выглядзе на спецыяльна абсталяваных для гэтага месцах.
— Зрэшты, цяпер такога транспарту ў Беларусі няма, гэтае правіла нацэлена на перспектыву, — адзначыў начальнік упраўлення.
Забраніраваць білет на міжгародны рэйс пасажыры цяпер будуць мець магчымасць не толькі за 15 дзён, але і раней. А перавозчыкам дазволена рэгістраваць бронь практычна аж да адпраўлення аўтобуса.
Новыя правілы не абавязваюць пасажыраў пры куплі імі квітка праз інтэрнэт раздрукоўваць яго для прад'яўлення кіроўцу або кантралёру. Але гэта не значыць, што пасажыр, які мае білет, захаваны ў яго ў смартфоне, пройдзе на пасадку ў аўтобус.
— Усё залежыць ад арганізацыі прымянення інфармацыйных тэхналогій у канкрэтнага перавозчыка. Можа, у вас у смартфоне будзе штрыхкод, які можна будзе прыкласці да прылады ў транспартным сродку або ў кантралёра. Так што раздрукоўваць ці не — залежыць ад дамовы пасажыра і перавозчыка.
Скараціўся і тэрмін разгляду скаргаў і прэтэнзій, атрыманых ад пасажыраў перавозчыкам — з 30 да 15 дзён.
— Правілы закранулі таксама членаў экіпажа пасажырскага транспарту — яны не павінны курыць у салоне і павінны мець ахайны выгляд. Ім забараняецца выкарыстоўваць хатнюю і спартыўную вопратку. Акрамя таго, кіроўцу забаронена перавозіць у кабіне старонніх людзей.

Паводле tut.by