«Пацёмкінская вёска»: «Цуд айчыннай вытворчасці», паказаны Лукашэнку, аказаўся амерыканскім прадуктам

Карыстальнікі сацсетак «рассакрэцілі» яшчэ адну распрацоўку айчынных мікраэлектроншчыкаў, якую дэманстравалі на нарадзе ў Палацы Незалежнасці.

screen_kjwod.jpg


Учора цягам гадзіны кіраўніцтву краіны дэманстравалі «перадавыя айчынныя тэхналогіі» у сферы мікраэлектронікі. Калі верыць матэрыялам праўладных СМІ, спецыяльная нарада павінна была паказаць усім і кожнаму, што замежныя санкцыі ўвогуле не адбіваюцца на гэтай галіне. Больш за тое, Беларусь падавалася ў рэпартажах флагманам разастайнай хайтэк вытворчасці.

Дасціпныя ж карыстальнікі сацсетак працягнулі вывучэнне рэпартажаў пра нараду. Пасля чаго «рассакрэцілі» адну з «прарыўных напрацовак», якая трапіла ў эфір канала АНТ. Падчас прамовы дырэктара НПА «Оптыка, электроніка і лазерная тэхніка» на экранах дэманстраваўся «оптаэлектронны генератар, шумы якога на два парадкі лепей, чым у амерыканскага аналага».

Вось толькі з вузлом, які «набываюць у Беларусі нават тыя, хто цісне краіну санкцыямі», раптам вынайшліся ажно тры праблемы.

Па-першае, Лукашэнку замест генератара чамусьці паказалі 16-канальны модуль ацэнкі актыўнага клетачнага балансу. Па-другое, ён мае не беларускае паходжанне, а амерыканскае, бо на плаце лёгка прачытаць нават брэнд вытворцы — Texas Instruments. Нарэшце ж, сам «цуд тэхнікі» (які, дарэчы, каштуе амаль 2500 долараў) выкарыстоўваецца не для РЛС, а для балансіроўкі аўто.

Амерыканскі модуль. Фота: ti.com

Амерыканскі модуль. Фота: ti.com


Дасведчаныя ў тэме людзі звяртаюць увагу таксама на заліты клеем раз'ём. Туды па тэхналогіі ставіцца другая частка, тады як да «дэманстрацыйнага экспаната» прыстасавалі нейкую недарэчную дэталь — «з таго, што было пад рукой», смяюцца ў сеціве.