Піневіч лічыць заробкі медыкаў не заробкам, а «падарункам, Лукашэнкі, які трэба адпрацаваць»

Медыкаў чакаюць чарговыя змены ў аплаце працы. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч абяцае, што ў выніку іх зарплаты вырастуць. Пра гэта ён паведаміў пасля сённяшняга паходу да Аляксандра Лукашэнкі.

pinevich.jpg


«Ішла размова. Я анансую. Будуць змены ў сістэме аплаты працы», — цытуе Піневіча REFORM.by са спасылкай на БелТА.

Па яго словах, хутка выдадуць дакумент, у якім будуць фармалізаваны даручэнні Лукашэнкі наконт заробкаў медыкаў. Піневіч сцвярджае, што павелічэнне заробкаў закране ўсіх медыкаў краіны, але ў тых, хто працуе «на больш важных, складаных участках», павышэнне будзе большае.

Міністр назваў павышэнне заробкаў падарункам Лукашэнкі, які трэба адпрацаваць.

«У любым выпадку напярэдадні прафесійнага свята такі ад кіраўніка дзяржавы чарговы для нас падарунак, які мы павінны ў тым ліку адпрацаваць на сваіх працоўных месцах. Якасць, даступнасць аказання медыцынскай дапамогі для нас з'яўляюцца прыярытэтам», — сказаў ён.

Нагадаем, з увядзеннем кавідных даплат сярэднія заробкі ў беларускай медыцыне выраслі. Аднак у апошнія месяцы на фоне зніжэння захворвання, паводле звестак статыстыкі, заробкі ў ахове здароўя зніжаюцца. Так, калі ў лютым сярэдняя зарплата ў ахове здароўя складала 1409 рублёў, у тым ліку ў лекараў 2323,5 рубля, а ў сярэдняга медыцынскага персаналу — 1457 рублёў, то ў красавіку сярэдняі заробак у лекараў ужо быў 2129,4 рубля, у сярэдняга медперсаналу — 1296,3 рубля, а ў цэлым па галіне — 1308,7 рубля.