Палітыкі збіраюць подпісы супраць аплаты паслуг міліцыі на мірных сходах
Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў межах кампаніі «За наша права на мірныя сходы! Супраць аплаты паслуг міліцыі!» запусціў збор подпісаў супраць Пастановы Савета Міністраў №49. Пастанова рэгламентуе кошт паслуг органаў унутраных спраў па ахове грамадскага парадку падчас правядзення масавых мерапрыемстваў (ад 637,5 бел.руб да 6375 бел.руб).
"Цяпер права на свабоду сходаў у Беларусі толькі для заможных. Нават за пікет на пяць чалавек арганізатар павінен заплаціць Міністэрству ўнутраных справаў 150 беларускіх рублёў, хуткую і прыбіральшычкаў. І параўнайце гэта з пенсіяй большасці беларусаў у 300 рублёў...” — гаворыць сустаршыня Аргкамітэта па стварэнні партыі "БХД" Віталь Рымашэўскі.
Подпісы пад калектыўным зваротам плануецца накіраваць у Савет міністраў Рэспублікі Беларусь і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
“Мы лічым, што Пастанова № 49 з'яўляецца дыскрымінацыйнай і антыканстытуцыйнай”, — сцвярджаецца ў звароце.
Насамрэч, гэты нарматыўны акт абмяжоўвае права грамадзян Рэспублікі Беларусь на свабоду мірных сходаў, якое гарантуецца артыкулам 35 Канстытуцыі і артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. На думку праваабаронца “Вясны” Валянціна Стэфановіча, аплата паслуг міліцыі з’яўляюцца рэальнай перашкодай для рэалізацыі грамадзянамі свайго права на мірныя сходы. Праваабаронцы таксама асуджаюць такі падыход і патрабуюць ад уладаў прывесці заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў гэтай галіне.
Падпісанты звароту патрабуюць:
адмяніць Пастанову Савета міністраў № 49 і вырашаць пытанне аказання паслуг па ахове грамадскага парадку з арганізатарамі камерцыйных масавых мерапрыемстваў на дамоўнай аснове ў рамках дзеючага грамадзянскага заканадаўства;унесці змены і дапаўненні ў Закон "Аб масавых мерапрыемствах".
Сустаршыня Аргкамітэта па стварэнні партыі "БХД" Вольга Кавалькова піша ў фэйсбуку:
“Зараз вельмі важна не прамаўчаць і масава выступіць супраць аплаты міліцыі падчас некамерцыйных масавых мерапрыемстваў і абараніць наша канстутыцыйнае права на свабоду мірных сходаў. Пастанова Савета міністраў № 49 павінна быць адменена!”
Нагадаем, арганізатары мітынгу-канцэрту да Дня волі-2019 у Кіеўскім скверы Мінска (Юрый Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Ігар Барысаў і Мікалай Казлоў) адмовіліся аплочваць паслугі міліцыі на суму 6375 рублёў, бо лічылі іх няякаснымі (з-за затрыманняў удзельнікаў мерапрыемства). За гэта суд аштрафаваў іх паводле артыкула ч.2 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства) на 30 базавых велічыняў кожнага.
spring96.org