Пасля хвалі ператрусаў і затрыманняў у Баранавічах мясцовых жыхароў пакаралі суткамі

Масавыя ператрусы і затрыманні адбыліся ў Баранавічах 18 лістапада. 19 лістапада затрыманых судзілі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

СІЗА №6 г. Баранавічы. Фота: spring96.org

СІЗА №6 г. Баранавічы. Фота: spring96.org


Ператрусы праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Канфіскоўвалі тэхніку. З некаторымі з затрыманых запісалі «пакаяльнае відэа». На дадзены момант праваабаронцам вядома пра затрыманне мінімум 14 чалавек, дваіх з іх пазней адпусцілі.
19 лістапада над затрыманымі прайшлі суды.
Баранавіцкаму актывісту Руху «За свабоду» Юрыю Казакевічу прысудзілі 15 сутак арышту па ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Мужчыну абвінавацілі ў размяшчэнні матэрыялаў TUT.BY у мясцовым тэлеграм-чаце ў верасні мінулага года. Мужа і жонку Дзмітрыя і Наталлю Карачуноў арыштавалі на 15 і 13 сутак адпаведна. На «пакаяльным відэа» жанчына кажа, што з’яўляецца адміністратаркай мясцовага тэлеграм-канала «Поехали Барановичи».
Таксама вядома, што 19 лістапада асудзілі Аляксея Кірпічова. Суд Баранавіцкага раёна пакараў яго шасцідзённым арыштам.