Пасля затрымання мінчук перастаў бачыць. Зараз яму тэрмінова робяць аперацыю

29-гадовы мінчук Ігар Дзідуэль разам з 1,5-гадовым сынам і жонкай жыве ў Каменнай Горцы. 9 жніўня ён пайшоў галасаваць па месцы прапіскі. Пасля гэтага яго ніхто не бачыў і не чуў.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак


«З гэтага часу кожны дзень яго шукаем па бальніцах і РАУСах, — расказвае «Нашай Ніве» Уладзь Рымша, сусед Ігара. — Спрабавалі падаць заяву ў міліцыю, але цяпер гэта немагчыма: там усё перакрыта кратамі. Шукалі і на Акрэсціна — гадзінамі стаялі, пыталіся, можа, хто яго бачыў. Ніхто нічога не ведае, спісы там не вывешваюць.
І ў Жодзіна ездзілі. Там таксама пра яго нічога не было, але добра, што там хоць валанцёры працуюць і спісы складаюць. Пасля пяці дзён шукання ўчора ўпершыню валанцёры ў Жодзіна выклалі спісы, дзе было ягонае прозвішча.
Сёння Ігара каля 14 гадзін выпусцілі, ён патэлефанаваў жонцы. Ледзь гаворыў: «Крысціна, я жывы, нічога не бачу, вязуць на аперацыю». Я не ведаю дакладна, што з ім, але думаю, што ў яго могуць быць унутраныя гематомы ў галаве.
Пасля званка Крысціна імгненнем, уся збялелая, паляцела да яго ў бальніцу, міма мяне пранеслася, нічога не кажучы. Зараз па тэлефоне яна недаступная, відаць, чакае канца аперацыі.
Ігар — чалавек на дзіва сумленны. Нячаста бывае, што ты размаўляеш з чалавекам і ён адразу разумее тое, што ты кажаш. Працаваў менеджарам у краме. Аднойчы мне сказаў пра сваю працу: «Я зрабіў тое, што да мяне рабілі толькі пяцёра чаравек». Гэта вельмі разумны і адукаваны хлопец, які мае шырокую эрудыцыю, крытычна мысліць і прагне ведаў. Эліта Беларусі».