Сейм Польшчы прыняў пастанову па справе Беларусі

Польскія дэпутаты, між іншым, патрабуюць згоды ўрада на хуткі прыём палітычных уцекачоў з Беларусі.

Сейм Польшчы прыняў пастанову па справе Беларусі. PAP/Radek Pietruszka

Сейм Польшчы прыняў пастанову па справе Беларусі. PAP/Radek Pietruszka


Аднадушна без галасавання Сейм Польшчы прыняў пастанову, у якой асуджае дзеянні беларускіх уладаў і выказвае салідарнасць з беларускім грамадствам.
«Мы настойліва патрабуем ад уладаў Мінска неадкладна вызваліць усіх затрыманых, спыніць рэпрэсіі і гвалт супраць грамадства», — гаворыцца ў тэксце пастановы, які зачытала спікер Сейма Эльжбета Вітэк (Elżbieta Witek).
Сейм Польшчы рашуча асуджае ўжыванне ўладай Аляксандра Лукашэнкі жорсткага гвалту і масавых рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага грамадства, а таксама фальсіфікацыю вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, праведзеных у Рэспубліцы Беларусь 9 жніўня 2020 года. У выніку буйнамаштабнай хвалі гвалту, накіраванай супраць грамадзянаў Беларусі, загінулі дзве асобы, некалькі соцень атрымалі раненні, а больш за 7 тысяч былі арыштаваныя або затрыманыя.
Сейм асудзіў пазбаўленне грамадзян Беларусі права на ўдзел у свабодных, дэмакратычных выбарах і права на свабоду выказваць свае погляды. Дэпутаты таксама заклікалі беларускія ўлады распачаць мірны дыялог з грамадствам.
Сейм патрабуе згоды польскага ўрада на хуткі прыём палітычных уцекачоў з Беларусі і заклікае ўстановаў Еўрапейскага саюза прыняць рашучыя меры па падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці.
www.polskieradio.pl