«Патрабуем вярнуць у Беларусь правасуддзе!» Заява TUT.BY па справе «нуль праміле»

2 сакавіка суд абвясціў прысуд журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч і лекару БХМД Арцёму Сарокіну. Кацярына прысуджаная да шасці месяцаў калоніі і штрафу ў 100 базавых велічынь, доктар Сарокін — да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і штрафу ў 50 базавых. Яго вызвалілі ў зале суда, Кацярына застаецца пад вартай. З гэтай нагоды партал TUT.BY зрабіў адмысловую заяву.

svobodu_kate_20210211_bur_tutby_phsl__9676.jpg

Кацю і Арцёма прызналі вінаватымі ў «разгалошванні медыцынскай таямніцы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы». Суд быў закрытым, і мы не ведаем, якія доказы прыводзіў бок абвінавачвання. Мы ведаем, як Каця працавала над матэрыялам, і распавядалі вам пра гэта.

Раніцай 13 лістапада Каця атрымала заданне праверыць дакладнасць апублікаванага ў сеціве дакумента аб тым, што ў крыві збітага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. Праз некаторы час на TUT.BY быў апублікаваны артыкул «Лекар БХМД: у Рамана Бандарэнкі было нуль праміле алкаголю, наогул нічога не знайшлі».

Сям'я Рамана Бандарэнкі не мела і не мае прэтэнзій ні да Каці, ні да доктара Арцёма Сарокіна, які і пацвердзіў нашай журналістцы дакладнасць дакумента. Больш за тое, стрыечная сястра Рамана паведаміла, што сям'я дала дазвол на публікацыю матэрыялаў, якія тычацца стану здароўя Рамана.

Мы, журналісты, рэдактары і ўсе супрацоўнікі TUT.BY, лічым прысуд незаконным і несправядлівым. Адзіным справядлівым рашэннем, на наш погляд, быў бы апраўдальны прысуд.

Больш за тое, сам факт распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да Кацярыны Барысевіч і доктара Сарокіна, а таксама іх доўгае ўтрыманне пад вартай мы лічым абуральным, цынічным і абсурдным.

Па-першае, звесткі пра стан Рамана Бандарэнкі агучваліся не толькі фігурантамі справы, але і шматлікімі іншымі крыніцамі, у тым ліку прадстаўнікамі ўлады.

Па-другое, нам здаецца відавочным, што «павышэнне напружанасці ў грамадстве» (фармулёўка пракуратуры) выклікала не тое, што ў крыві Рамана не было алкаголю, а тое, што малады чалавек быў збіты да смерці невядомымі. Бо стыхійная акцыя памяці Рамана прайшла ў двары на Чарвякова ўвечары 12 лістапада, задоўга да публікацыі Кацінага артыкула. А адсутнасць крымінальнай справы (яна была распачата толькі 18 лютага, за суткі да пачатку суда над Кацяй і доктарам Сарокіным), як і затрыманых у сувязі з гвалтоўнай смерцю Рамана Бандарэнкі, а таксама адсутнасць якой-небудзь рэакцыі на журналісцкія расследаванні пра падзеі 11 лістапада ў «Двары Перамен» якраз маглі садзейнічаць «стварэнню атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў».

Мы таксама перакананыя, што менавіта пераслед і абвінаваўчы прысуд у дачыненні да Кацярыны Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна здольныя падарваць давер да дзяржорганаў.

Мы лічым, што прысуд Каці — гэта і помста ёй персанальна за яе працу і спроба аказаць ціск на TUT.BY і іншыя незалежныя медыя.

Мы патрабуем неадкладна вызваліць Кацярыну Барысевіч! Мы патрабуем вярнуць у Беларусь правасуддзе!»

Рэдакцыя «Новага Часу» далучаецца да заявы нашых калег з TUT.BY, патрабуе вызваліць Кацярыну Барысевіч і спыніць ціск на незалежныя СМІ.

156672153_474688283546443_4148816358791724688_n_logo.jpg