За заклік у фейсбуку Паўла Севярынца асудзілі на дзесяць сутак
У Фрунзенскім раёне ідзе суд над Паўлам Севярынцам. Палітык быў затрыманы 26 лютага на выхадзе з дому. Падставай стаў заклік да ўдзелу ў акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Да суда Севярынец разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі знаходзіўся ў Ізалятары часовага ўтрымання.

Перад пачаткам пасяджэння суддзя Буйноўская катэгарычна забараніла любыя здымкі.
Павел Севярынец патрабаваў адводу суддзі, а таксама каб працэс вёўся па-беларуску. Гэтыя хадайнцтвы судзя адхіліла.
Севярынец распавёў, што 26 лютага яго затрымалі людзі ў масках. Трое сутак трымалі на Акрэсціна, пры гэтым нічога не тлумачылі.
Палітыка абвінавачваюць у публічным закліку да правядзення масавага мерапрыемства. Абвінавачванне грунтуецца выключна на інфармацыі, якую Павел размясціў на сваёй старонцы ў фейсбуку. Па словах Паўла, акцыя ў падтрымку палітвязняў для яго — справа гонару. Вінаватым сябе ён не прызнаў.
На пытанне суддзі, ці звярталіся па дазвол на правядзенне акцыі ў Мінгарвыканкам, Севярынец кажа, што раней — шматкроць разоў, але гарадскія ўлады такія акцыі не дазваляюць у прынцыпе.
Адвакат Севярынца Вадзім Мушынскі спаслаўся на Канстытуцыю, на права на мірныя сходы і выказванне свайго меркавання і папрасіў спыніць вытворчаць.

Пасля перапынку судзя абвясціла рашэнне: за публічны заклік да несанкцыянаванай акцыі Павел Севярынец асуджаны на 10 сутак арышту. Пры гэтым былі ўлічаны змягчаючыя абставіны — наяўнасць маленькага дзіця.
Астатнія ўдзельнікі акцыі, якіх у гэты ж дзень судзілі ў судзе Цэнтральнага раёна, атрымалі буйныя штрафы — 40-45 базавых.