Павіншуйце Паўла Севярынца паштоўкай на Акрэсціна!
Сёння дзень нараджэння палітыка Паўла Севярынца. Гэты дзень, а таксама Новы год ды Божае Нараджэнне 7 студзеня Павел Севярынец правядзе ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
7, 8, 20, 21 снежня ў Мінску адбыліся акцыі супраць «паглыблення інтэграцыі» з Расіяй, адным з арганізатараў якіх быў Павел Севярынец. Яшчэ 18 снежня, за два дні чарговага мітынгу ў абарону незалежнасці на Кастрычніцкай плошчы Мінску, Павел Севярынец быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак Савецкім раённым судом, але адпушчаны ў той дзень без тлумачэнняў. Прычым тады судзілі Паўла толькі за ўдзел у акцыі 7 снежня. Затрымалі яго толькі 26 снежня. Такім чынам, на волю палітык выйдзе толькі 10 студзеня.
Чытайце таксама:
Павел Севярынец: змаганне за свабоду
Маці Паўла, Таццяна Севярынец, у фэйсбуку павіншавала хлопца ды пажадала сустракаць дні чарговыя дні нараджэння ў вольнай незалежнай Беларусі: «Свае 29, 30, 34, 35, 36, 43 сын сустрэў за кратамі: высылка ў Малое Сітна, што на Полаччыне (29, 30), 34 (Амерыканка), 35, 36 (спецкамендатура ў Купліне, што на Пружаншчыне). 43 — Акрэсціна... Ніколі не марыў сустрэць свой дзень народзінаў на экзатычнай выспе, у дарагім рэстаране, дзесьці на шашлыках...
Марыў сустрэць яго ў вольнай незалежнай Беларусі.
Я вельмі жадаю, каб твая, мой сынок, мара здзейснілася!!! І каб ніколі болей Лукашэнка не вызначаў, дзе ты будзеш у гэты дзень))) Верым у цябе, ганарымся, моцна любім! Жыве Беларусь!»
Паэт Уладзімір Някляеў таксама сёння павіншаваў Паўла і апублікаваў прысвечаны яму верш “Сумленне”
"30 снежня – дзень народзінаў Паўла Севярынца, які сустракае гэты дзень, калядныя і навагоднія святы за кратамі. І ў турме ён найперш таму, што ў адрозненне ад людзей, якія загадалі яго судзіць за абарону незалежнасці Айчыны, мае тое, чаго не маюць яны: сумленне.
СУМЛЕННЕ
“...Бог – Сумленне ў чалавеку”.
(З ранніх вершаў)
Паўлу Севярынцу
Калі ўжо Гасподзь апрануў мяне ў плоць,
Калі я паўстаў, як яго падабенне:
«Не ўсё табе даў я», – сказаў мне Гасподзь.
« А што ты не даў мне?»
«Сумленне».
«Дык дай Ты мне тое, чаго не дадаў.
Ці, можа, сумленне з сабой Ты не носіш?»
«Ты проста не ведаеш, – Бог адказаў, –
Што гэта такое? Чаго ў мяне просіш.
Я даў і нянавісць табе, і любоў,
Не пашкадаваў для цябе я нічога.
Сумлення не даў, бо нідзе не знайшоў,
Не ўсё ў Божым свеце ёсць нават у Бога.
І ты яго можаш таксама не мець,
Бо будзе балець да разрыву аорты!
«Навошта ж мне тое, што будзе балець?»
«Каб я адчуваў, што жывы ты. Не мёртвы».
«Дык я й без сумлення нібыта жывы.
І нават да Бога падобны нібыта».
«Жыцця я насеяў, бы ў полі травы,
На межах быцця і на межах нябыту.
Сумленне ж ніяк не пасеяць, не зжаць,
Яно – самародак у нетрах Сусвету».
«Дык дзе ж яго ўзяць?..» І сказаў Бог: «Шукаць.
Цябе і стварыў я ў Сусвеце на гэта».
Падтрымайце Паўла Севярынца, павіншуйце з днём нараджэння і каляднымі святамі! Напішыце яму і іншым, арыштаваным за удзел у пратэстных акцыях! Гэтыя людзі рэалізоўвалі свае канстытуцыйныя правы.
Дасылаць лісты і паштоўкі можна на адрас:
Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў
г. Мінск, 220089,
завулак 1-й Акрэсціна, 36
Пакуль пакараныя адміністрацыйным арыштам паводле артыкулу 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) дзесяць чалавек, аднак судовы канвеер працягвае сваю працу і сёння. Адбываюць пакаранне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску:
- Палітык, пісьменнік, сустаршыня БХД Павел Севярынец
- Кіраўнік "Маладога Фронту" Дзяніс Урбановіч.
- Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Максім Вінярскі.
- Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Яўген Афнагель.
- Актывіст Legalize Belarus і "Моладзевага блоку" Стас Шашок.
- Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Леанід Кулакоў.
- Сакратар КХП БНФ Алесь Чахольскі.
- Актывіст "Маладога Фронту" Максім Урбановіч.
Гомельскі блогер Сяргей Ціханоўскі адбывае пакаранне ў ізалятары часовага ўтрымання Гомельскага аблвыканкама: 246027, г. Гомель, вул. Міжгародняя, 26, і выйдзе на волю толькі 11 студзеня.