Павел Севярынец: змаганне за свабоду
Гэты артыкул быў апублікаваны яшчэ ў 2013 годзе. За шэсць з паловай гадоў у жыцці Паўла адбылося шмат усяго. У тым ліку дадалося дней народзінаў, якія Севярынец правёў за кратамі. Спадзяемся, што сёлятні будзе апошнім.
Напэўна, калі б не палітыка, з яго б адбыўся выдатны геолаг. На час выпуску з геалагічнага аддзялення геафаку БДУ Павел Севярынец сабраў калекцыю, дзе было больш за дзве тысячы камянёў Беларусі.
Час пазнаваць свет
Напэўна, творчы падыход і жаданне ўсюды нешта шукаць у Паўла Севярынца — ад бацькоў. А яшчэ ад самаахвярнасці ў пошуках ісціны і непрыняцця любой хлусні.
Яго маці, Таццяна Яўгенаўна Севярынец, родам з Лунінца Брэсцкай вобласці. Амаль 36 гадоў працавала настаўніцай у розных школах. Да 2007 года, калі яе беспадстаўна зволілі. Быццам бы за прагулы, але ўсе ведалі, што сапраўдная прычына ляжыць у палітычнай плоскасці. Прагулы арганізавала сама адміністрацыя школы, і вельмі цяжка паверыць, што без загаду з самага верху.
Канстанціна Паўлавіча Севярынца больш ведаюць як дзіцячага пісьменніка Кастуся Севярынца. Нарадзіўся ён у гомельскай вёсцы Унорцы, што ў 80-ці кіламетрах ад Чарнобыльскай станцыі. Лёс ператварыў яго з дырэктара школы ў журналіста, а прыродны талент дазволіў даволі хутка вырасці з журналіста раёнкі і рэдактара заводскай шматтыражкі да ўласнага карэспандэнта БЕЛТА-ТАСС па Віцебскай вобласці.
Кастусь і Таццяна пазнаёміліся на філалагічным аддзяленні БДУ, дзе абодва вучыліся. Вяселле адбылося 18 красавіка 1975 года, а 30 снежня 1976 года ў Оршы нарадзіўся хлопчык, якога ў гонар дзеда назвалі Павел.
У Віцебск Кастуся Севярынца накіравалі ў 1985 годзе, таму ўсё жыццё яго сына Паўла звязана менавіта з гэтым горадам.
Час збіраць камяні
Спачатку было захапленне, потым — хобі і выбар прафесіі. Гэта пра геалогію.
Яшчэ ў дзяцінстве з сябрам Алегам Баршчэўскім (пляменнік Лявона Баршчэўскага і муж Вольгі Карач) Павел Севярынец апрацоўваў і шліфаваў жоўтыя халцэдоны, якіх у Беларусі вельмі багата. Хлопчыкі рабілі з іх пярсцёнкі і розныя ўпрыгожванні. А ў пошуках каштоўнага горнага крышталя нават спрабавалі збудаваць плаціну на рэчцы Лучоса (прыток Заходняй Дзвіны).
Гэта я да таго, што стаць геолагам Паўлу Севярынцу было накавана лёсам. Як і палітыкам.
Упэўнены, кожнаму з нас даводзілася чуць міф пра тое, што ў Беларусі няма ніякіх карысных выкапняў, краіна бедная. Мякка кажучы, гэта не так. Сярод 40 краін Еўропы Беларусь уваходзіць у дзясятку самых забяспечаных мінеральнымі рэсурсамі (калійныя і каменныя солі, будаўнічыя матэрыялы, торф, падземныя воды, крэйда і г.д.). Нават калі браць камяні, з якіх можна вырабляць упрыгожванні і сувеніры, Беларусі ёсць чым пахваліцца. Гаворка пра гранат, халцэдоны, розных відаў кварц, бурштын, кварцыты, крэмні.
У свой час у Паўла нават была мара стварыць цэлую галіну вытворчасці, нарабіць выключна беларускіх сувеніраў, якія былі б нашай адпаведнасцю ўральскаму малахіту альбо прыбалтыйскаму бурштыну.
Дарэчы, яго дыпломная работа называлася «Бурштын Беларусі». Абараніць яе дапамог Аляксандр Казулін, які на той час быў рэктарам БДУ. Справа ў тым, што яна была напісана на тарашкевіцы, і дэкан факультэта кінуў яе Севярынцу ў твар са словамі: «Такой мовы мы не ведаем». Аднак пасля сур’ёзнай размовы з рэктарам Казуліным працу (змятую і перакрэсленую) прынялі і паставілі «выдатна».
Час рабіць выбар
У той час бліжэйшы да Беларусі Горны інстытут быў у Ленінградзе, а ў пачатку незалежнасці на геаграфічным факультэце БДУ было адкрыта геалагічнае аддзяленне, на якое і паступіў Павел Севярынец. Цікава, што самым першым выпускам апекаваўся знакаміты акадэмік Радзім Гарэцкі. Менавіта таму 70 адсоткаў новага прадмета выкладалася на беларускай мове.
Для Паўла Севярынца гэта было асабліва значна, бо на той момант ён ужо цвёрда ведаў, што абавязкова прысвяціць сваё жыццё папулярызацыі і адраджэнню ўсяго беларускага.
Шчыра кажучы, не вельмі люблю ў сваіх нарысах пафас, але ў дадзеным выпадку ён цалкам адпавядае рэчаіснасці. Для розных газетных артыкулаў я некалькі разоў размаўляў з Паўлам. Адзін рэдактар нават выказаў пажаданне ўбачыць размову з ім на рускай мове. Не атрымалася, бо ўжо на першых хвілінах стала ясна, што Севярынцу на самай справе вельмі цяжка размаўляць не па-беларуску.
Менш за ўсё хацелася б, каб у некага склалася ўражанне, што Павел Севярынец адмарожаны нацыяналіст, хаця, на мой погляд, у апошнім слове не павінна быць нейкага негатыву па вызначэнню. Літаральна некалькі месяцаў таму Кастусь Севярынец прэзентаваў рускамоўны варыянт кнігі свайго сына «Люблю Беларусь».
Дарэчы, пераклад кнігі «Люблю Беларусь» на рускую мову Канстанцін Паўлавіч Севярынец зрабіў асабіста, што цалкам абгрунтавана яго філалагічнай спецыялізацыяй — руская мова і літаратура. Як і ў маці — Таццяна Яўгенаўна амаль 37 гадоў выкладала ў школе менавіта «великий и могучий», і менавіта сын стымуляваў і дапамагаў ёй стаць беларускамоўнай.
Час абраў яго
Мне ўжо даводзілася пісаць, што геаграфічны факультэт БДУ у свой час быў ледзь не крыніцай палітычнага вальнадумства краіны. Геалагічнае аддзяленне — не выключэнне, бо акрамя Паўла Севярынца там вучыўся яшчэ і Вячаслаў Сіўчык.
Вучобу Павел Севярынец скончыў у 2000 годзе і атрымаў прафесію інжынера-геолага па спецыяльнасці «Разведка карысных выкапняў», аднак менавіта ў гэты час палітычныя віры дасягнулі свайго апагею на прэзідэнцкіх выбарах. Павел падтрымліваў Зянона Пазьняка, таму той факт, што ў кастрычніку 1995 года ён уступіў у БНФ «Адраджэнне» выглядае цалкам лагічным крокам.
У лютым 1997 года Севярынец узначаліў Мінскую моладзевую фракцыю БНФ, а ў верасні на Устаноўчым сойме быў абраны сустаршынёй «Маладога фронту». Дарэчы, адным з хросных бацькаў стварэння МФ па наш дзень называюць згаданага вышэй Вячаслава Сіўчыка, які на той час быў адным з лідараў БНФ.
Узгадаў я гэты факт наўмысна, бо чым далей падзея па часе, тым больш становіцца тых, хто ініцыяваў яе стварэнне... З народзінамі «Маладога фронту» можа адбыцца тое ж самае, што калісьці было з ленінскім бервяном на суботніку, якое неслі тысячы людзей...
І яшчэ адзін вельмі прынцыповы момант. У 1994–1999 гадах Павел Севярынец працаваў рэпарцёрам шэрагу дзяржаўных і камерцыйных выданняў, а з 1998 года пачаў друкавацца ў незалежнай прэсе як публіцыст. Там пачатак яго будучых кніг: «Ды-джэй Адраджэння» (1998 г.), «Пакаленне Маладога фронту» (2002 г.), «Нацыянальная ідэя» (2005 г.), «Лісты з лесу» (2007 г.), «Брату» (2007 г.). Павел Севярынец — лаўрэат літаратурнай прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя А. Адамовіча.
Пакутныя часы
За ўдзел і арганізацыю вулічных выступаў моладзі Паўла Севярынца за перыяд з 1997 па 2004 гады супрацоўнікі КДБ і міліцыі затрымлівалі больш за 40 разоў. Агулам Павел правёў пад арыштам амаль восем месяцаў і атрымаў 3,5 тысячы долараў (беларускімі рублямі — па курсу Нацбанка, зразумела) штрафаў.
Натуральна, што ўсё гэта мела і кар’ерны адбітак. З 1999 па 2004 год Севярынец быў лідарам «Маладога фронту».
Менавіта ў гэтыя часы ў старэйшай і некалі самай моцнай апазіцыйнай структуры пачалося тое, што называюць паляваннем на ведзьмаў. Павел Севярынец быў адным з першых, каго выключылі з шэрагаў руху БНФ «Адраджэнне». Каментаваць падобнае з пазіцый логікі вельмі цяжка, але не здзіўлюся, калі некалі высветліцца, што за разборкі ў БНФ нехта ў спецслужбах атрымаў «внеочередное воинское звание»...
Не раз даводзілася чуць, што рэлігійны складнік у дзейнасці «Маладога фронту» з часам пачаў дамінаваць не менш за палітычны. З гэтым цяжка не пагадзіцца, але асабіста я не бачу тут нічога экстраардынарнага. Магчыма, мы наглядаем своеасаблівую кампенсацыю адсутнасці ў грамадстве рэлігійнага складніку на працягу дзесяцігоддзяў.
Можа, гэта прагучыць крыху надумана, але, на мой погляд, вера ў Бога ўскосна і стала прычынай... другой хіміі Паўла Севярынца.
Патлумачу. У 2005 годзе адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД), дзе аднаго са стваральнікаў партыі Паўла Севярынца абралі сустаршынёй новай структуры. Пасля абвяшчэння ў 2010 годзе чарговых прэзідэнцкіх выбараў ён узначаліў выбарчы штаб другога стваральніка і сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага.
20 снежня 2010 года Паўла арыштавалі і змясцілі ў следчы ізалятар КДБ. 16 траўня 2011 года яго асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — на так званую «хімію». Спачатку Паўла Севярынца абяцалі накіраваць у родную Віцебскую вобласць, аднак потым перайгралі (а можа, ведалі пра гэта з самага пачатку...) на спецкамендатуру №7 вёскі Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Там ён зараз у фермерскай гаспадарцы «Бардо» і працуе.
Напэўна, гэта прагуць спрэчна, але асабіста я перакананы, што за кратамі Севярынца сёння трымаюць перш за ўсё таму, што не могуць нічога зрабіць з яго шчырай верай у Госпада.
А папярэдняя «хімія» (за арганізацыю акцый пратэсту супраць вынікаў рэферэндуму, які дазволіў Лукашэнку абірацца неабмежаваную колькасць разоў) праходзіла для яго на лесанарыхтоўках вёскі Малое Сітна Полацкага раёну Віцебскай вобласці. 31 траўня 2005 года Паўла Севярынца прысудзілі зноў-такі да трох гадоў, але потым скарацілі гэты тэрмін на год. За два месяцы да сканчэння тэрміну вызвалілі, што было пададзенай афіцыйнай прапагандай як праява вышэйшай міласэрнасці і літасці.
Напэўна, магла б быць і яшчэ адна адсідка. 2 красавіка 1998 года падчас апазіцыйнай маніфестацыі ў Мінску і за «зрыў канцэрту, прысвечанага аб’яднанню Расіі і Беларусі», Павел Севярынец быў змешчаны на Валадарку. Праз 2 месяцы пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадскасці яго вызвалілі і адправілі пад падпіску аб нявыездзе ў Віцебск. Крымінальная справа тады была закрытая ў лістападзе 1998 года. Без тлумачэнняў і прабачэнняў.