Павышаецца кошт праезду ў грамадскім транспарце
У Мінску падвысяць кошт праезду ў гарадскім грамадскім транспарце. Падаражэнне складзе 5 капеек, як і ў рэгіёнах. Пра гэта FINANCE.TUT.BY паведамілі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Адпаведнае рашэнне Мінгарвыканкама ўжо прынята, але пакуль не апублікавана.
Талончык на адну паездку на наземным гарадскім транспарце будзе каштаваць 65 капеек, а жэтон у метро — 70 капеек. Правоз ручной паклажы ў наземным транспарце падаражэе да 65 капеек, а ў метро — да 70 капеек. Дзень, з якога падаражэе праезд, не паведамляецца. Чакаецца, што гэта адбудзецца на наступным тыдні.
Нагадаем, у Гродзенскай, Гомельскай і Мінскай абласцях кошт праезду ў гарадскім грамадскім транспарце падвысяць з 15 снежня, а ў Брэсцкай паднялі з 11 снежня.
У сталіцы ў апошні раз кошт праезду ў гарадскім грамадскім транспарце вырас з 1 лістапада 2017 года — на 5 капеек. Пасля павышэння білет на адну паездку на наземным гарадскім транспарце падаражэў да 60 капеек.
У рэгіёнах рашэнне аб павышэнні кошту праезду на звычайных і хуткасных маршрутах у апошні раз прымалі ў лістападзе мінулага года. Тады талончык на адну паездку ў гарадскім транспарце падаражэў да 55 капеек, а пры куплі ў вадзіцеля — да 60 капеек. Кошт праезду ў аўтобусах экспрэсных маршрутаў павялічыўся да 65 капеек. У ліку першых цану талончыкаў павялічылі транспартнікі Мінскай вобласці.
У Мінску кошт праезду ў канцы мінулага года не сталі падымаць, хоць такая магчымасць абмяркоўвалася.
У 2018 годзе беларусы кампенсавалі 70% выдаткаў на праезд у гарадскім аўтамабільным транспарце. Астатнюю суму кампенсуюць з дзяржбюджэту. Узровень кампенсацыі затрат адрозніваецца па Мінску і абласцях.
Раней уладамі Мінска неаднаразова абмяркоўвалася ўвядзенне праязных квіткоў на гадзіну, але канчатковае рашэнне дагэтуль не прынятае. Між тым, такая сістэма распаўсюджана ў шмат якіх іншых краінах. Некаторыя з краін Еўропы ўвогуле пераходзяць на бясплатны грамадскі транспарт.
Паводле tut.by