Пенсіянерку Алену Гнаўк перавялі на «Валадарку»

Днямі Алену Гнаўк перавялі з баранавіцкага СІЗА-6 у СІЗА-1 на Валадарскага ў Мінску.

gnauk111.jpg

64-гадовай актывістцы з Пружанаў Алене Гнаўк выставілі абвінавачанне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 367 («Паклёп на Лукашэнку») і арт. 369-1 («Дыскрэдытацыя Беларусі»). Цяпер жанчыне пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі, паведамляюць праваабаронцы.

Згодна з матэрыяламі справы, Алена Гнаўк 23 лістапада 2021 года размясціла ў сацыяльных сетках Facebook і Instagram «загадзя ілжывыя звесткі аб прававым становішчы замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што было накіравана на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам».

У пастах Алена распавядала пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі.

Раней, паводле двух іншых артыкулаў, спадарыню Алену асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі».

Алене Гнаўк цяпер можна дасылаць лісты на новы адрас: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Алене Пятроўне Гнаўк.