Вольга Івашына: Дзяніс не толькі палітвязень, але і ваеннапалонны
Вольга Івашына — жонка гарадзенскага журналіста і палітвязня Дзяніса Івашына — расказала, што яе муж найперш выкрываў агрэсію Расіі супраць Украіны, Грузіі, Сірыі і іншых краінаў. Таму яго можна лічыць цяпер не толькі палітвязнем, але і ваеннапалонным.
Пра гэта Вольга Івашына распавяла ў эфіры «Радыё Рацыя».
— Колькі часу Дзяніс ужо за кратамі?
— Сёння ўжо мінула 357 дзён. І больш за 170 дзён мы не атрымліваем ад яго лістоў.
— Калі вы апошні раз бачыліся з мужам?
— 12 сакавіка 2021 года, калі яго арыштавалі. Дакладней, узялі ў палон. І з гэтага часу я яго не бачыла ні разу. Я ўжо збілася з ліку, колькі разоў я пісала запыты, патрабаванні, каб далі магчымасць убачыць мужа, але следчыя дагэтуль не бачаць падстаў для нашага спаткання.
— Днямі вы звярнуліся да палітыкаў, каб яны паспрыялі вызваленню Дзяніса. Чаму менавіта цяпер?
— Гэта звязана з пачаткам поўнамаштабнага наступу Расіі на Украіну. Нашая тэрыторыя выкарыстоўваецца як плацдарм, і, адпаведна, можна лічыць, што не Беларусь, а рэжым унутранай акупацыі саўдзельнічае ў гэтым. І Дзяніса можна лічыць цяпер не толькі палітвязнем, але і ваеннапалонным.
— Пра яго ў пэўным сэнсе можна сказаць, як пра ваеннага карэспандэнта. Дзяніс, як журналіст, займаўся няпростымі тэмамі.
— Так, ён займаўся расследаваннямі пра «беркутаўцаў», «вагнераўцаў». І найперш — пра агрэсію Расіі супраць Украіны, Грузіі, Сірыі і іншых краінаў.
— Паступілі ўжо водгукі на ваш заклік?
— Так, пакуль неафіцыйна. Нам аказваюць падтрымку. Пакуль займаемся распаўсюдам і чакаем адказаў.
«Я прашу вас усіх прыкласці максімальныя
намаганні, каб паспрыяць абмену ваеннапалоннага Дзяніса Івашына – сына
Беларускага і Украінскага Народаў! Слава Україні!!! Жыве Беларусь!!!» — такімі
словамі завяршаецца зварот Вольгі Івашынай да знакавых беларускіх і ўкраінскіх
палітыкаў.