Вольга Івашына: Сённяшняя эскалацыя задумвалася даўно

Жонка палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына ў сваім фэйсбуку піша пра расследаванні мужа і пра тое, што цяперашняя сітуацыя была відавочнай яшчэ некалькі гадоў таму.

Палітвязень Дзяніс Івашын праводзіў расследаванні датычна расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі

Палітвязень Дзяніс Івашын праводзіў расследаванні датычна расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі


«5 сакавіка сёлета Генштаб ЗСУ паведаміў, што ў выніку паспяховых дзеянняў абаронцаў варожы 448-ы мотастралковы Сімферопальскі Красназнамённы, ордэна Суворава другой ступені полк імя С.Арджанікідзэ (в/ч 12721) з Клінцоў цалкам страціў сваю баяздольнасць, т.б. быў разгромлены.
А пра гэты полк ды іншыя войскі Дзяніс Івашын пісаў яшчэ ў 2019! годзе ("Новы Час" і "Informnapalm"), выявіўшы небяспеку новых вайсковых фарміраванняў РФ на межах Беларусі і Украіны. Фармавалі іх ужо пасля пачатку вайны ў 2014-м, непасрэдна ля межаў нашых краін — з 2016. Гэтая ды іншыя часткі войска акупантаў маглі быць уведзеныя на тэрыторыю Беларусі, калі б мірны пратэст 2020-га перарос у народнае паўстанне. А ў лютым 2022-га жаўнераў з Клінцоў кіраўніцтва РФ выкарыстоўвае ўжо ў поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны.
Як выявіў Дзяніс, з 2019 года 448-м палком камандаваў палкоўнік Уладзімір Мікалаевіч Карала.
Відавочна, што сёняшняя эскалацыя задумвалася ўжо даўно. І раскрыццё планаў ворага цывілізаванага свету было для акупантаў непрыемным, мякка кажучы. І таму, скарыстаўшыся агульным трэндам знішчэння незалежных альтэрнатыўных СМІ, сапраўдныя здраднікі захапілі ў палон Дзяніса Івашына. І таму для закладнікаў абодвух рэжымаў цяпер як ніколі важна, каб агрэсар і яго саўдзельнік былі пераможаныя і пакараныя адпаведна іх злачынствам!»