Курам — волю!

Апытанне, праведзенае ў студзені 2020 года кампаніяй MASMI на замову Асацыяцыі Адчыненых Клетак, паказала, што 86% рэспандэнтаў адобрылі б вытворчасць кампаніямі яек ад курэй, якія не ўтрымліваюцца ў клетках. 88% — добра б успрынялі з’яўленне такіх яек у супермаркетах.

Фота Адчыненыя клеткі

Фота Адчыненыя клеткі


Вынікі апытання гавораць пра тое, што беларусы неабыякава ставяцца да ўмоваў ўтрымання птушак на прамысловых прадпрыемствах і падтрымалі б ініцыятыву рублём: 79% гатовыя набываць бясклеткавыя яйкі, калі яны з’явяцца на паліцах папулярных крамаў.

Даследаванне праводзілася з дапамогай анлайн апытання 21-27 студзеня 2020 года ў Мінску, усіх абласных цэнтрах, а таксама ў буйных гарадах: у Баранавічах, Пінску, Наваполацку, Оршы, Мазыры, Лідзе, Бабруйску, Барысаве і Салігорску. Анкеты запоўнілі прадстаўнікі абодвух палоў, разнастайных прафесій, узростам ад 18 гадоў.

Адказваючы на пытанне, ці павінны квактухі мець магчымасць гуляць на свежым паветры, 95% апытаных далі станоўчы адказ. Палова рэспандэнтаў лічыць, што куры жывуць у закрытых свіранах са свабодным доступам да ежы. Пры гэтым толькі 25% вераць у тое, што курам даступная такая раскоша, як шпацыры. У рэальнасці на беларускіх птушкафабрыках куры ўсё жыццё праводзяць у цесных клетках групамі па 10-20 асобін, дзе на кожную прыходзіцца прыкладна па 27x27 см (памер аркуша А4). Такія клеткі называюць “батарэйнымі” — рады і калоны аднолькавых клетак спалучаюцца паміж сабой як артылерыйская батарэя. У сярэднім праз паўтара года квактух забіваюць праз зніжэнне ўзроўня іх прадуктыўнасці.


Фота Адчыненыя клеткі

Фота Адчыненыя клеткі

У той час, як краіны ЕС татальна забаранілі выкарыстанне батарэйнай сістэмы і паступова ідуць да поўнай адмены клеткавага ўтрымання курэй, а таксама ўдасканальваюць заканадаўства па іх абароне, уводзіцца строгі кантроль іх дабрабыту, Беларусі неабходна ўвесці заканадаўчыя нормы, якія выразна ўстанавілі б патрабаванні да ўтрымання сельскагаспадарчых жывёл. Важна, што выкарыстанне "батарэйных" клетак у Беларусі на сёння, на жаль, не забароненае і гэтыя форма ўтрымання курэй дагэтуль застаецца самай шырокаўжывальнай. Акрамя таго, не існуе ніводнага адміністрацыйнага органа або службы, адказных менавіта і толькі за кантроль дабрабыту жывёл.

“Вынікі апытання сведчаць, што беларусы гатовыя да зменаў і падтрымліваюць іх. Мы таксама ўбачылі недастатковую інфармаванасць насельніцтва пра ўмовы ўтрымання жывёл на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Мы ўпэўненыя, што праз асвету і прыцягненне ўвагі да сітуацыі, можна палепшыць жыццё мільёнаў жывёл у нашай краіне”, — лічыць Юлія Есмановіч, валанцёрка Адчыненых клетак.
Адчыненыя Клеткі — моладзевая ініцыятыва, скіраваная на прадухіленне пакутаў сельскагаспадарчых жывёл праз увядзенне сістэмных сацыяльных зменаў, дакументаванне ўмоў прамысловай жывёлагадоўлі, а таксама адукацыю насельніцтва, якая спрыяе пазітыўнаму стаўленню да жывёл.
Паводле прэс-рэлізу