Першамай: толькі афіцыйны

Беларусь святкуе Дзень салідарнасці працоўных. Святочныя мерапрыемствы пройдуць у парках Мінска 1 траўня, паведамілі ў прэс-службе Мінгарвыканкама. Між тым, незалежным прафсаюзам і іншым «неафіцыйным» аб’яднанням у свяце адмоўлена.



1maj.jpg

У гэты дзень у Мінску ў 10.00 адбудзецца ўскладанне вянкоў да помніка У.І.Леніна на пл.Незалежнасці, у 11.00 у парку Купалы пройдзе традыцыйны першамайскі мітынг. У парках Дружбы народаў, 50-годдзя Кастрычніка і Чалюскінцаў святочныя мерапрыемствы пачнуцца ў 12.00, а ў Батанічным садзе — у 13.00. Мінчан і гасцей сталіцы чакае культурна-забаўляльная праграма і святочныя канцэрты. Таксама ў месцах святкавання будзе арганізаваны выязны гандаль і праца аб’ектаў грамадскага харчавання.

Свята для жыхароў і гасцей Маскоўскага раёна сталіцы будзе арганізаваны з 10.00 да 19.00 на тэрыторыі жылога комплексу «Студэнцкая вёска», дзе ў гэты дзень будзе адкрыты яшчэ адзін інтэрнат, у якім будуць пражываць студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта.

Таксама адным з асноўных падарункаў гараджанам стане аднаўленне руху на ўсім працягу прашпекту Дзяржынскага. Рэканструяваны ўчастак праспекта ад Голубева да МКАД будзе адкрыты 1 мая ва ўрачыстай абстаноўцы.

Між тым, Мінгарвыканкам адмовіў у правядзенні святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 1 мая, Беларускаму Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, які аб’ядноўвае ўсе незалежныя прафсаюзы і прафсаюзныя арганізацыі Беларусі. Афіцыйная матывіроўка адмовы звязана з тым , што 1 мая ва ўсіх пяці паркавых зонах Мінска будуць праводзіцца афіцыйныя масавыя гулянні, таму праводзіць якія-небудзь дадатковыя мерапрыемствы немэтазгодна.

«Такім чынам, мінскія гарадскія ўлады фактычна манапалізавалі права на арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў, звязаных са святкаваннем 1 мая. Манапалізавалі, як уяўляецца, толькі для таго, каб канчаткова выхаласціць змпест Першамая — з Міжнароднага дня салідарнасці працоўных ператварыць яго ў гэткае «свята вясны і працы», у чарговы безаблічны «чырвоны дзень» календара. Толькі чаго вартая тая «манаполія» на фоне адкрыта антысацыяльнай палітыкі ўрада, якая стала асабліва відавочнай у апошні час?», — кажа адзін з прафсаюзных лідэраў Аляксандр Бухвостаў.

«Незалежныя» першамайскія святы забароненыя і ў Брэсце. Там сябры незалежных прафсаюзаў сумесна з сябрамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» і актывістамі кампаніі «Гавары праўду!» замаўлялі першамайскую дэманстрацыю з сацыяльна-эканамічнымі патрабаваннямі. Яны разлічвалі прайсці па цэнтральных вуліцах горада з сацыяльна-эканамічнымі патрабаваннямі і завяршыць дэманстрацыю на плошчы Леніна. Фармальнай падставай для адмовы паслужыў «дазвол правядзення масавага мерапрыемства 1 мая Брэсцкаму абласному аб’яднанню прафсаюзаў» па аналагічным маршруце.

Так што адбудзецца толькі афіцыйнае святочнае афіцыйнае шэсце, цырымонія прысваення звання «Чалавек года», гулянні ў гонар свята Працы...

Сацыял-дэмакрат Ігар Маслоўскі адзначае, адмова ў правядзенні альтэрнатыўнага шэсця беспадстаўная. «Па-першае, маршруты ў нас розныя. Наш збор меркаваўся на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, а праўладнай дэманстрацыі — Гогаля і Леніна. Адлегласць больш за два кіламетры. Па-другое, рознаы і час мерапрыемстваў — мы ніяк не маглі перасекчыся. Выснова: гэта прамая дыскрымінацыя па палітычных і сацыяльна-эканамічных матывах, што забаронена беларускім і міжнародным заканадаўствам. Улады дазваляюць дэманстрацыю тым, хто мае намер крочыць «проста так», і забараняюць тым, хто вылучае сацыяльна-эканамічныя патрабаванні», — адзначае Маслоўскі.

Паводле БелТА і «Беларускі партызан»