Піневіч: Амікрон мы пакуль не знайшлі, але думаю, што ён ёсць
Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч лічыць, што штам каронавіруса Амікрон ужо прысутнічае ў Беларусі, хоць афіцыйна ён яшчэ і не выяўлены. Па словах міністра, сістэма аховы здароўя гатовая да яго прыходу.

«Новы штам Амікрон мы пакуль не знайшлі, але, думаю, што ён ужо цыркулюе. Мы гатовыя да гэтага. Цяпер, пакуль краіна знаходзіцца на спадзе хвалі, установы аховы здароўя актыўна перааснашчаюцца і нарошчваюць сістэмы кіслароднага забеспячэння. Запасаў медыкаментаў у нас дастаткова», — цытуе Піневіча REFORM.by са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.
Міністр таксама адзначыў, што інтэнсіўнасць цыркуляцыі каронавіруса ў Беларусі паменшылася. Паводле яго слоў, ва ўсіх рэгіёнах сітуацыя падобная. Шпіталізацыя складае каля 30% ад піка цяперашняй хвалі.
Піневіч падкрэсліў важнасць таго, што беларусы адгукнуліся на заклікі аб вакцынацыі.
«Падкрэслю, любы тып вакцыны, які ёсць цяпер, эфектыўны і супраць новага штаму. Заўтра мы чакаем яшчэ адзін борт з КНР з кітайскай вакцынай. Таксама мы атрымалі “Спутник Лайт”, бустэрная вакцынацыя ідзе досыць інтэнсіўна», — сказаў ён.
Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя разлічвае, што яшчэ да Новага года ў Беларусі будзе вакцынавана першым кампанентам вакцыны 50% насельніцтва.
Пры гэтым урад значна скараціў супрацьэпідэмічныя захады ў краіне.